Штукі русіфікацыі: журавіны сталі журавамі
- 13.06.2013, 14:35
Перайменаванне шэрагу вуліц у Гомелі не толькі незаконнае, але і непісьменнае.
Яно закранула блізу 70 вуліц абласнога цэнтра. Частка змен - фармальныя і для «статусу», калі праезд становіцца вуліцай, а вуліца - праспектам. Аднак некаторыя новыя назвы інакш як русіфікацыяй растлумачыць нельга, паведамляе тэлеканал «Белсат».
Рацыянальнасць перайменаванняў спрабуе растлумачыць друкаваны орган савета «дэпутатаў» - газета «Гомельскія ведамасці».
«Улічвалася таксама і тое, што назва вуліцы павінна давацца на дзвюх дзяржаўных мовах. І калі раней патрабаваўся наўпроставы пераклад (вуліца «Октябрьская» гучала па-беларуску як «Кастрычніцкая»), то апошнімі гадамі патрабуецца не даслоўны пераклад, а метадам транслітарацыі. Каб унікнуць такой немілагучнасці, выбіраліся назвы, якія «гучаць» на абедзвюх мовах», - піша выданне.
У сваім імкненні да мілагучнасці «дэпутаты» Гомельскага гарсавета дайшлі да абсурду. Вуліцу Журавінную яны перайменавалі ў Жураўліную, а «Прамяністая» стала гучаць па-беларуску як «Лучыстая»
Вуліцы Заходняя і другая Заходняя перайменавалі ў «мілагучныя» «первая Встречная» і «вторая Встречная». Як гэтыя новыя назвы будуць гучаць па-беларуску, застаецца загадкай.