МЗС Польшчы: Рэпрэсіі ў Беларусі нагадваюць пра «цёмныя стагоддзі» Еўропы
- 13.06.2013, 16:35
Міністэрства замежных спраў Польшчы запатрабавала ад беларускіх уладаў паважаць правы нацыянальных меншасцяў.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай сёння. Яна апублікаваная на сайце МЗС Польшчы.
Такім чынам Варшава адрэагавала на абвінавачванні, вылучаныя ў адрас кіраўніка непрызнанага беларускімі ўладамі Звязу палякаў Мечыслава Яськевіча. Яго будуць судзіць за ўсталёўку крыжа ў вёсцы Рачкаўшчына пад Шчучынам у памяць апошняга камандзіра ўзброеных сілаў Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які загінуў у гэтай мясцовасці ў 1949 годзе. Яшчэ раней стала вядома, што аналагічны пратакол складзены прадстаўнікамі Шчучынскага РАУС на 82-гадовую пенсіянерку Вераніку Себасц'яновіч. Калі дакладна ў судах адбудуцца гэтыя адміністрацыйныя працэсы, пакуль невядома.
У заяве польскага МЗС гаворыцца, што пераслед польскіх актывістаў у Беларусі «нагадвае рэпрэсіі змрочных часоў, якія Еўропа павінна ведаць толькі з гісторыі». «Нацыянальныя меншасці ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Польшчы, маюць права на захаванне сваіх самасвядомасці і гісторыі. Павагі гэтага права мы чакаем і ад уладаў Беларусі»- гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, з 2005 года ў нашай краіне існуюць два Саюзы палякаў: афіцыйны, які падтрымлівае палітыку кіраўніцтва Беларусі, і неафіцыйны, які беларускія ўлады не рэгіструюць, але які падтрымлівае Варшава. Яго сябры падвяргаюцца рэпрэсіям з боку афіцыйных уладаў.