Беларускія геолагі шукаюць сланцавыя нафту і газ
- 13.06.2013, 18:34
У жніўні-верасні 2013 года пройдуць міжнародныя рэгіянальныя сэйсмічныя даследаванні для пошуку традыцыйных і нетрадыцыйных пакладаў вуглевадародаў.
Пра гэта БелТА заявіў намеснік генеральнага дырэктара, галоўны геолаг у нафце і газе РУП "Белгеалогія" Яраслаў Грыбік.
Праектам Палтава-Чарнігаў-Капыль, у якім возьмуць удзел спецыялісты Беларусі, Украіны, Польшчы, Даніі, Фінляндыі, прадугледжанае выкананне на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны выбуховых работ на 14 пунктах выбуху з высочваннем інфармацыі сэйсмастанцыі на адлегласці 310 км на тэрыторыі Беларусі і 340 км на тэрыторыі Ўкраіны. "Мерапрыемства з’яўляецца важным этапам вывучэння нетраў Беларусі і дасць магчымасць атрымаць больш падрабязныя, грунтаваныя на навуковых падыходах звесткі аб будове беларускіх нетраў да глыбіні 80 км з прагнозам на традыцыйныя і нетрадыцыйныя паклады вуглевадародаў", - падкрэсліў Яраслаў Грыбік.
Галоўны геолаг паведаміў, што навукоўцы атрымалі фактычныя геалагічныя звесткі пра пэрспэктывы выяўлення нетрадыцыйных вуглевадародаў на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну (Гомельская вобласць). "Так, існуюць пэрспэктывы выяўлення тут пакладаў сланцавых газаў тыпу tight gas (газ шчыльных калектараў у занураных зонах дэвонскага падсолевага комплексу), а таксама сланцавай нафты тыпу shale oil у пародах дэвонскага міжсолевага і верхнесаляноснага комплексаў", - сказаў экспэрт. Такія паклады сланцавай нафты выўленыя раней пры выкананні геолагаразведачных работ на Ельскай свідравіне № 2, Каменскай свідравіне № 3 і № 4, Усходне-Выступовіцкай свідравіне № 3, Радамлянскай свідравіне № 14 ды іншых плошчах Прыпяцкага нафтагазавага басэйна.
"Ацэнка прадукцыйнасці гэтых дзялянак выконвалася традыцыйным нафтапошукавым спосабам схемай правядзення вертыкальнай свідравіны", - сказаў Яраслаў Грыбік, выказаўшы ўпэўненасць, што з улікам ужывання сучасных метадаў распрацоўкі радовішчаў вуглевадародаў станоўчы вынік будзе дасягнуты.