BE RU EN

Украінскі дэпутат прапанаваў зрабіць дзяржаўнай мовай «суржык»

  • 13.06.2013, 19:48

Расейскую і ўкраінскую мовы прадстаўнік Партыі рэгіёнаў назваў дыялектамі «суржыка» і пагадзіўся пакінуць дзяржаўнымі.

Пра гэта дэпутат Алег Цароў заявіў у інтэрв'ю выданню «Украинская правда».

«Па-першае, мой пункт гледжання, што Украіна - радзіма дзвюх моў. Адсюль пайшла і расейская, і ўкраінская. Наша ўкраінская ў Днепрапятроўскай, Запарожскай, Данецкай абласцях у сельскіх паселішчах больш падобная да расейскай, чым да ўкраінскай. Наогул было б слушна для таго, каб адысці ад моўнай праблемы ва Украіне, выбраць мову, на якой гаворыць большасць насельніцтва, і зрабіць яе дзяржаўнай. Ва Украіне гэта суржык. І два дыялекты (расейскі і ўкраінскі) ад суржыка зацвердзіць таксама на дзяржаўным узроўні», - заявіў дэпутат ад партыі ўлады.

Якімі крыніцамі кіраваўся Алег Цароў, сцвярджаючы, што на суржыку «размаўляе большасць насельніцтва», невядома. Паводле даследаванняў, апублікаваных на сайце Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, апублікаваных увосень летась, на сумесі расейскай і ўкраінскай кантактуе толькі кожны дзясяты ўкраінец.

Адрозна ад Беларусі, ва Украіне адна дзяржаўная мова - украінская. Пры гэтым прадстаўнікі прарасейскіх арганізацый і партый патрабуюць, каб такі ж статус быў нададзены і расейскай мове. Цяпер яна з'яўляецца рэгіянальнай у шасці абласцях краіны. Апанэнты надання расейскай мове статусу дзяржаўнай часта спасылаюцца на прыклад Беларусі. Як вядома, у 1995 годзе Лукашэнка правёў рэферэндум, вынікі якога не былі прызнаныя апазіцыяй. Пасля яго расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, а беларуская стала пакрысе выціскацца з грамадскага жыцця краіны.

Апошнія навіны