BE RU EN

Прадусар Шаркуновай: «У Ганцавічах будзе аншлаг»

  • 13.06.2013, 21:09

У спявачкі Ганны Шаркуновай сумленне чыстае, запэўнівае прадусар Уладзімір Кубышкін.

Уладзімір Кубышкін - музычны прадусар Аляксандра Саладухі, Ганны Шаркуновай, Ганны Багданавай, Германа і групы «Ямайка», аўтар песень. 44 гады, з адукацыі - стаматолаг.

13 чэрвеня ў Ганцавічах адбудзецца канцэрт падапечнай Кубышкіна Ганны Шаркуновай. «Радыё Свабода» звярнулася да прадусара з просьбай пракамэнтаваць ініцыятыву Ганцавіцкага чыноўніка. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў абавязаў кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў свайго раёна забяспечыць прыход на канцэрт і зрабіць справаздачу.

- Чаму людзі самі не прыходзяць на канцэрты беларускіх выканаўцаў?

- Квіткі праз касы, незалежна ад таго, хто прыязджае, не прадаюцца ў прынцыпе. Практыка такая - ініцыятыва распаўсюджвання білетаў на канцэрты зыходзіць ад адміністратараў мясцовых палацаў культуры ці чагосьці падобнага. Гэта іхная праца. Людзі павінны атрымліваць нейкі культурны адпачынак, ДК павінен зарабляць, каб утрымліваць штат. У іх ёсць база больш-менш адпаведных артыстаў, і яны са сваёй ініцыятывы запрашаюць. Гэта іхная ініцыятыва, і ў іх ёсць механізмы распаўсюджвання квіткоў.

Што да Ані Шаркуновай, то я ведаю, што пэўны адсотак квіткоў прадаецца. У Ані Шаркуновай добрае шоў. Яны разумеюць, што людзі застануцца задаволеныя, і ідуць на гэта.

- А якія артысты прыцягваюць адміністрацыйны рэсурс?

- Не буду называць прозвішчы, але некаторыя артысты нейкім чынам маюць магчымасць кантактаваць з адміністрацыяй: дапамажыце нам арганізаваць тур. А матывацыя «губернатараў» - чаму б не дапамагчы гэтай артыстцы?

Пасля такіх «вектарных» ініцыятыў вельмі складана. У Ганцавічах добра, калі хаця б адзін канцэрт у месяц праводзіцца. Бо для людзей гэтыя 40 тысяч дастаць з кішэні і аддаць за квіток - гэта рэйка нейкая. 40 тысяч 300 чалавек могуць сабе дазволіць раз на месяц.

Дык вось «нейкі дзяўчынцы губернатары дапамаглі», а астатнія артысты - у канец чаргі, пралятаюць з гэтым горадам на месяц-два-тры.

Але я на іх злавацца не магу. Я не ведаю, што б я рабіў, калі б меў блізкі кантакт з губернатарамі. Супраціўляцца гэтаму - глупства. Мы таксама камусьці пераходзім дарогу. Калі мы зарабляем грошы, мы камусьці не даем іх зарабіць.

- Усе зборы ад канцэрту ў Ганцавічах - 12 мільёнаў, калі будзе поўная зала. Вам гэта трэба?

- Мне мільён будзе каштаваць толькі даехаць туды. А у нас артысты балета, грымёр. Нам каб зрабіць фанаграму новай песні, трэба некалькі канцэртаў правесці. Бо зрабіць песню аднолькава каштуе - што ў Менску, што ў Лондане.

- А навошта вы ездзіце?

- Вы прапануеце працу памяняць? Вось чалавек у Ганцавічах (чыноўнік, Сяргей Сарокаў) - гэта добры чалавек. Мы едзем на аншлаг, мы гэта ведаем ужо.

У нас сумленне чыстае - мы прыязджаем і адпрацоўваем. Што там за 40 тысяч могуць быць (кошт квітка на канцэрт - Рэд.). Мы кажам: давайце хоць бы 60... Аня - не танная артыстка. Нам што, наогул не ездзіць? Або квіткі рабіць, як у «Дэпеш Мод»? Тады гэта будзе адзін канцэрт на год.

Апошнія навіны