BE RU EN

«Чупакабра» аб'явілася ў Горацкім раёне

  • 14.06.2013, 12:34

У вёсцы Рэкта Горацкага раёна «чупакабра» па начах забівае трусоў.

Невядомая істота забівае хатніх жывёл у вёсцы Рэкта Горацкага раёна. Пасля таго, як на пяці падворках былі знішчаныя трусы, з надыходам цемры людзі баяцца выходзіць на вуліцу. Па словах відавочцаў, драпежнік палюе на хатніх жывёл ноччу, выпівае ў іх кроў, а тушы пакідае, піша «Горацкі веснік».

Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў адной з гаспадарак жывёла разламала дашчаныя дзверы хлява, за якімі былі зачыненыя трусы. Некаторыя вяскоўцы сцвярджаюць, што бачылі звера, але не змаглі разгледзець у цемры, - ён хутка хаваецца ад чалавека. Паміж сабой рэкцяне называюць драпежніка чупакабрай. Хоць гэта невядомая навуцы істота, персанаж легенды. Дакладных звестак аб існаванні жывёлы няма, але СМІ перыядычна распаўсюджваюць сведчанні відавочцаў, якія нібыта бачылі чупакабру ў розных рэгіёнах. Часта за яго прымаюць іншых жывёл, відазмененых у выніку мутацый або хвароб.

З просьбай абараніць ад невядомага драпежніка жыхары Рэкты звярнуліся да мясцовых уладаў.

Спецыяльная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзіславам Яроміным выязджала на падворкі, дзе пабываў звер. У складзе групы былі прадстаўнікі МНС, інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, ветслужба раёна і іншыя. Як распавёў Уладзіслаў Іванавіч, пацярпелі жывёлы на пяці падворках, усяго задушана 8 трусоў. Зафіксаваныя сляды кіпцюроў і зубоў на дзвярах сельгаспабудоў, па якіх можна меркаваць пра немалыя габарыты жывёлы. Думкі, што гэта сабака, расамаха ці іншы звер пакуль застаюцца версіямі. Канчатковы адказ, што за драпежнік наносіць страты хатнім гаспадаркам рэкцянаў, можна будзе даць пасля высноваў экспертызы. Адпаведныя аналізы праводзіць раённая ветэрынарная служба.

Нагадаем, за апошні час «чупакабра» аб’яўлялася ў Слоніме, Старобіне і Драгічынскім раёне.

Апошнія навіны