ПАР верне Лівіі грошы, золата і дыяменты Кадафі
- 14.06.2013, 13:10
Больш мільярда даляраў у залатых злітках, дыяментах і іншых актывах будуць вернутыя новым уладам Лівіі.
Пра гэта паведамілі ўлады Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, піша The Times.
Дамоўленасць аб вяртанні была дасягнута на сустрэчы міністра фінансаў краіны Правіна Гордана з прадстаўніком канцылярыі кіраўніка ўрада Лівіі Усамай аль-Абіду.
Вяртанне Паўднёвай Афрыкай лівійскіх сродкаў і актываў будзе праходзіць згодна з палажэннямi пратаколаў ААН, паведамляе прэс-служба міністэрства фінансаў ПАР. Афіцыйна сума, якую мяркуецца вярнуць, пры гэтым не агучваецца.
Паводле здагадак СМІ, знойдзеныя скарбы і грошы з'яўляюцца часткай сакрэтнага фонду сям'і Муамара Кадафі, якім кіруе былы начальнік яго штаба Башыр Салех, які хаваецца ад цяперашніх лівійскіх уладаў і адшукваецца імі па лініі Інтэрпола. Адзін з самых надзейных памочнікаў палкоўніка ў свой час аб'ездзіў Афрыку і ўвесь свет на працягу многіх гадоў, курсіруючы паміж пяцізоркавымі гатэлямі і прэзідэнцкімі палацамі, і траціў мільярды даляраў на інвестыцыі. Фонд пад яго кіраваннем ажыццяўляў, паводле інфармацыі The Financial Times інвестыцыі ў такія краіны, як Беларусь і Украіна, якія адрозніваюцца непразрыстасцю сваёй эканомікі.
Урад Лівіі лічыць, што багацці Кадафі былі атрыманыя ім незаконна і належаць лівійскаму народу. Пры гэтым агульнае багацце сямейства былога дыктатара, па некаторых дадзеных, ацэньваецца ў 80 млрд далараў.