Антон Мамоненка: Хачу заявіць пра Беларусь у Канах
- 15.06.2013, 11:14
Аўтар ролікаў з удзелам форварда БАТЭ Віталя Радзівонава, што скаланулі Байнэт, распавёў аб іх стварэнні.
Антон Мамоненка сам сабе рэжысёр, прадусар, аператар і аўтар сцэнару. Беларускі футбольны заўзятар упершыню пачуў пра гэтага чалавека пасля з'яўлення ў сетцы кліпа, прысвечанага менскаму стадыёну «Дынама». Сацыяльны матывацыйны ролік з удзелам Віталя Радзівонава на расейскай і беларускай мовах стаўся вельмі папулярным у Інтэрнэце. За некалькі дзён яго прагледзелі дзясяткі тысяч чалавек. 19-гадовы аўтар відэа распавёў Goals.by пра ягоную творчасць, далейшыя планы, беларускі футбол і шмат што іншае.
- Давай знаёміцца.
- Мяне завуць Антон. Мне 19. Вучуся на другім курсе ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. Меруся пераводзіцца з дзённага на «завочку». Прычына зразумелая - спалучаць мой улюбёны занятак і адукацыю практычна немагчыма. Часу на навуку ідзе вельмі шмат. Калі прыходжу дадому, ужо няма ні змогі, ні жадання нешта рабіць.
- Твая спецыяльнасць наогул ніяк не звязаная з улюбёным заняткам?
- Абсалютна. Мая спецыяльнасць называецца «Эканоміка і кіраванне». Відэа нідзе мэтанакіравана не навучаўся. Проста глядзеў ролікі і фільмы прафесіяналаў, адзначаў нешта для сябе. Падчас прагляду намагаюся ўчуць не толькі сюжэт і выяву, але і ўявіць, што дзеецца па той бок камеры - як стаіць святло, хто дзе знаходзіцца і шмат што іншае. Усе гэтыя нюансы цікавыя.
- Прыйдзе час, і трэба будзе выбіраць паміж эканомікай і рэжысурай...
- Ужо вызначыўся, што аддам усе сілы кінематографу. У мяне ёсць пэўныя задумы. Хачу ў гэтым годзе зняць поўнаметражны фільм. Такога ў нас яшчэ ніколі не было. Хочацца здзівіць, натхніць, давесці гледачу, што кінематограф у Беларусі жывы. Планаў сапраўды вельмі шмат. Галоўная мая мэта - бліжэйшымі 2-3 гадамі трапіць на Канскі кінафэст. Дасць Бог - можа, і здабуду што-небудзь.
- Калі ў цябе з'явілася такое захапленне?
- Паўтары гады таму. Ёсць такі інтэрнэт-праект «Thisisхорошо». Быў абвешчаны конкурс, галоўным прызам якога была магчымасць патрапіць на закрытую вечарыну LMFAO у Маскве. Акурат перад конкурсам мне на Дзень нараджэння падарылі фотаапарат. Наважыў выпрабаваць свае сілы. У выніку мой ролік перамог. Хоць цяпер, пераглядаючы яго, разумею, што ўзровень зусім не той.
- Не шкадуеш, што паспяшаўся з выбарам спецыяльнасці?
- Мае знаёмыя з Акадэміі мастацтваў кажуць, што я проста марнаваў бы там час. Мне здаецца, там вучаць паводле старых шаблонаў. Я ж здымаю «адсябеціну» - душэўнае парыванне. Свае ролікі мантую спрэс на інтуіцыі - ніякіх правіл не выконваю.
- Якія захапленні ў цябе былі да відэапраектаў?
- У 14 гадоў зацікавіўся фоташопам. Проста сам для сябе апрацоўваў фатаграфіі, рабіў калажы. Потым доўгі час захапляўся ілюзіямі і магіяй. Штукамі займаліся з Сяргеем Астроўскім - маім добрым сябрам. Дарэчы, неўзабаве на ОНТ пачнецца ягоная перадача «Містык». Вось ён у магіі застаўся, а я падаўся ў відэа.
- Рознабаковасць захапленняў дапамагае?
- І вэб-дызайн, і штукі сталі добрай дапамогай у маім новым захапленні. Фоташоп дапамагае адчуваць колеру і прапорцыі. Магія навучыла ствараць такую выяву, каб глядач, не задумваючыся, глядзеў туды, куды трэба.
- Цяга да творчасці ад бацькоў пайшла?
- Мае мама і тата - праграмісты. Мяне таксама гадавалі «ІТ-шнiкi» - спрабавалі прышчапіць любоў да праграмавання, але мне гэта здалося сумным.
- Як з'явілася ідэя футбольных ролікаў?
- Думкі залятаюць у маю галаву спантанна. Падабаўся футбол, падабалася відэа - наважыў спалучыць.
- Спорт табе даўно падабаецца?
- На жаль, я не спартовец. У дзяцінстве толькі гуляў у настольны тэніс з сябрамі на лецішчы. На гэтым мая спартовая кар'ера падышла да канца.
- За беларускім спортам сочыш?
- Збольшага толькі за футболам, менскім «Дынамам» у КХЛ і выступамі Вікторыі Азаранкі ў WTA-туры.
- У тваім партфоліё толькі два ролікі спартовай скіраванасці - пра стадыён «Дынама» і Радзівонава?
- Пакуль так. Але, думаю, працягну працу ў гэтым кірунку. Мне гэта цікава, і я зразумеў, што такія рэчы патрэбныя людзям. Пасля роліка з Віталём Радзівонавым у мяне з'явіліся сур'ёзныя сувязі і, адпаведна, больш рэальныя магчымасці.
А відэа пра стадыён «Дынама» наогул атрымалася спантанна. Я здымаў сацыяльны ролік «Святло і цемра» - там было вельмі шмат матэрыялу. Па «Дынаме» я блукаў недзе паўгадзіны. Калі пераглядаў, заўважыў цікавыя ракурсы. Падклаў музыку, дадаў камэнтатараў для эфэктнасці. Усё гэта спрацавала. Ёсць тры чыннікі паспяховасці відэа ці аўдыё - мурашкі па скуры, валасы дубарам і камяк у горле. Вось пра мурашкі мне шмат хто пісаў. Хоць я пакуль не вывеў дакладную формулу, каб маё відэа рабіла на гледача такое ўздзеянне.
- Твае творы - шчыры энтузіязм ці была нейкая фундатарская падтрымка?
- Гэта некамэрцыйны праект. Нічога зарабляць на роліку з Радзівонавым я не меўся. На здымкі выдаткаваў 100 даляраў. Менавіта столькі каштавала арэнда абсталявання. Фотаапарат у мяне свой, а аб'ектываў добрых ва ўласнасці няма. А яны вызначаюць вельмі шмат. Мне, калі шчыра, трошкі сумна глядзець, калі дзяўчына купляе фотаапарат за некалькі тысяч даляраў для таго, каб рабіць «лукі» перад люстрам. У мяне ж атрымліваецца рабіць рэчы тым, што я маю.
- Колькі часу было выдаткавана на апошні твор?
- На Віталя выйшаў у сацыяльнай сетцы. Прыблізна растлумачыў яму, што хачу зрабіць. Прафэсар прапанаваў сустрэцца асабіста і абгаварыць усе ўмовы. Распавёў яму, як я бачу гэты ролік. Заўважыў, што Радзівонава гэтая ідэя вельмі зацікавіла.
Мы не спяшаліся. Усё рабілася паэтапна. Праз тыдзень пасля першай сустрэчы дамовіліся на гукапіс. Затым прызначылі дзень здымак. Аднак за дзень да запісу ў матчы з «Нёманам» Віталь атрымаў траўму. Здымкі давялося перанесці. Мы вельмі засмуціліся. Але потым у Барысаве знялі ўсё, што трэба, за адзін дзень.
- У роліку былі кадры з матчу «Гомель» - БАТЭ.
- Там цікавая гісторыя адбылася. Падчас матчу пайшоў дождж - проста залева. Я як творчая асоба вельмі ўзрадаваўся гэтаму факту. Дождж вельмі моцна перадае эмоцыі. Такое надвор'е характэрнае для ангельскага футбола - гразь, пырскі, вільгаць. Усё па-сапраўднаму. Праўда, сам я прамок да ніткі. Ды і апаратура была злёгку пашкоджаная. Лінза ў аб'ектыве, узятым у арэнду, падпсавалася. Мне зрабілі заўвагу. Давялося лінзу сушыць – нібыта, усё працуе. Калі раптам нешта будзе не так, давядзецца кампэнсаваць. Трэба заўважыць, дарагая цацка.
- Затым мантаж?
- Самы доўгі і творчы працэс. Заняў тыдні тры. І гэта не ад ляноты - проста ў мяне слабы хібны кампутар. Пару сотняў разоў праграма ляскалася. Гэта вельмі дрэнчыла. Ды і настрой хвалямі мяняўся. Спачатку здавалася, што я зняў поўную лухту. Потым захапляўся сабой. Затым зноў не падабалася, праз пэўны час - зноў усё ладам.
- Гэта асаблівасць усякага творчага працэсу?
- Думаю, так. Ва ўсякім выпадку, кожны мой ролік мантаваўся з такімі перападамі. У кожнага творчага чалавека ёсць гэткая «крывая лінія»: «Я - геній. Я - ніхто».
- Радзівонаў мяшаўся ў працэс падрыхтоўкі відэа?
- Не. Ён прагледзеў ролік перад запусканнем у сетку, але нічога не рэзаў. Калі ўся праца была скончаная, разважалі з Віталём і не турбаваліся. Проста не ведалі, якая будзе рэакцыя ў народа. Такога эфэкту не чакалі, хоць і рыхтаваліся, што будзе шмат праглядаў.
- Тэкст для Радзівонава сам пісаў?
- Збольшага так. Але ў такіх справах патрэбен кантроль, таму мне заўсёды дапамагае мой добры сябар-аднакласнік Артур. Віталь таксама ўнёс пару карэкцый.
- Футбаліст хутка даў рады ролі дыктара?
- Давялося адзін і той жа тэкст запісваць некалькі разоў. Проста пры апрацоўцы незразумела, што можа «выскачыць». Чакалі, што ўправімся за паўгадзіны. У выніку было выдаткавана паўтары. Але Віталь спакойна да ўсяго паставіўся - яго гэта не напружвала.
- Ты адразу звярнуўся па дапамогу да Радзівонава?
- Спачатку спрабаваў выйсці на футбалістаў праз знаёмых, але нічога не патрапіў. Потым наважыў скарыстацца дапамогай сацыяльных сетак. Напісаў Дзіму Багу, але ён праігнараваў маё паведамленне. Другім разам паспрабаваў звязацца з Завенам Бадаянам - той жа вынік. Хоць, вядома, разумею і футбалістаў у нейкай меры - на іх месцы я б таксама не стаў адказваць на паведамленне нейкаму незнаёмаму хлопцу, які прапаноўваў зняцца ў відэа. Вельмі задаволены, што распачаў спробу звярнуцца да Радзівонава. Прыемнае знаёмства выйшла. Рады, што пачаў працаваць менавіта з гэтым чалавекам. Заўсёды паважаў Радзівонава як футбаліста. А зараз запаважаў яго яшчэ больш - як чалавека.
- Назавеш гэты ролік сваім найлепшым творам?
- Пакуль гэта, несумненна, так.
- Пасля роліка з Радзівонавым, напэўна, з'явілася шмат прапаноў?
- Сапраўды. Калібр розны: ад карпарацыйнікаў і свят да супрацоўніцтва з футбольнымі клубамі. Ёсць прапановы як з Беларусі, так і ад каманды расейскай прэм'ер-лігі.
- Сакрэтаў не выдасі?
- Не хацеў бы пра гэта разважаць, пакуль справа не зробленая.
- Калі табе прапануюць сталую працу ў клубе ...
- Адмоўлюся. Нейкія праекты я гатовы разглядаць, але толькі не на сталай падставе. Усё гэта залежыць і ад майго веку, і ад маіх далейшых планаў.
- Грошы не адыграюць вызначальнай ролі?
- Не. У мяне ёсць мара - зняць фільм. Хачу, каб людзі пра мяне пачулі. Цяпер шмат што вызначаюць сувязі. Пакуль у мяне мала гэтага. Веру, што мой фільм стане даволі паспяховым. І, паўтаруся, хачу заявіць пра Беларусь у Канах. Бо ў нас практычна не было сваіх нармальных фільмаў. Толькі калі прыязджаюць расейцы, выходзяць больш-менш добрыя рэчы. Адзінае, што прыходзіць на памяць са свайго, - гэта драма «Вышэй за неба». Дарэчы, вельмі хацеў бы пазнаёміцца і асабіста пагутарыць з рэжысёрам гэтай стужкі Андрэем Курэйчыкам.
Надоечы вось яшчэ з'явіўся фільм «Жыве Беларусь». Але мне гэтая драма не прыйшлася даспадобы. Такое пачуццё, што стужка была знятая не беларусамі, не ў Беларусі і не пра беларусаў.
- Карпарацыйнікі і святы цябе зусім не цікавяць?
- Гэта наогул не маё. Не хачу пачынаць гэтым займацца, нават ведаючы, што там круцяцца нелапыя грошы. Калі і буду здымаць камэрцыйныя ролікі, то толькі тыя, што асабіста мне будуць падабацца.
- Ролік з Радзівонавым - свайго кшталту рэклама здаровага ладу жыцця. Няма жадання паспрабаваць сябе ў маркетынгавай сфэры?
- Былі б прапановы. Планы ў мяне грандыёзныя, але трэба глядзець і на магчымасці, і на вольны час. У маім апошнім творы неаднаразова паказваюцца дзеці. Буду вельмі рады, калі малыя, стоячы перад нейкім выбарам, пойдуць у футбол. Калі такія выпадкі адбудуцца, можна ўважаць сваю місію выкананай.
- У нашым футболе цяпер вельмі кульгае прапаганда. Твой ролік з Віталём Радзівонавым узняў яе на нейкі ўзровень. Як думаеш, ці варта задумацца АБФФ, каб мець у сваім штаце чалавека, адказнага за такія рэчы?
- Упэўнены, гэта патрэбна. Нават калі мне федэрацыя футбола прапануе супрацоўніцтва, адмаўляцца не буду. Гатовы разглядаць нейкія праекты. Але на сталую працу ў АБФФ дакладна не пагаджуся.
- Можа, у цябе ўжо ёсць нейкія накіды для прасоўванні футбола ў масы?
«За што б нашы клубы ні браліся, у канчатковым выніку гэтая работа павінна быць выкананая якасна».
- За што б нашы клубы ні браліся, у канчатковым выніку гэтая работа павінна быць выкананая якасна. Для таго каб быў нейкі эфэкт, трэба рабіць хараство. Прыклады для пераймання на Захадзе ёсць - іх трэба капіяваць. Зірні на Польшчу: там на кожным матчы аншлагі! Хаця ўзровень чэмпіянату не нашмат вышэйшы за наш. Проста ў гэтую справу трэба ўкласці грошы. Можа, для пачатку трэба звярнуцца да чалавека з іншай краіны. Калі даручыць гэтую справу дылетанту, цалкам зразумела, што добрага выніку чакаць не варта. Трэба знаходзіць вузкаспецыялізаваных людзей для развязання канкрэтных задач.
Ну і, зразумела, шмат увагі трэба надаць камфорту на стадыёнах. Чалавек, прыходзячы на спартовую арэну, не павінен напружвацца з нагоды брудных крэслаў, праносу газэты і вялікіх чэргаў у пунктах харчавання. Добры прыклад у гэтым плане - хакейнае «Дынама». Цяпер на футбол ходзяць заўзятары - звычайных гледачоў мала. Калі чалавеку адзін раз спадабаецца, ён абавязкова пачне паўтараць гэта зноў і зноў.
- На тэлевізіі цяпер таксама рэкламы не вельмі шмат...
- Хацелася б, каб на ТВ з'яўляліся ролікі, як мой. І каб іх упраўляць не ў перапынку спартовай трансляцыі, а каб заўжды круцілі. Гэтыя ролікі павінен бачыць звычайны чалавек, які проста ў гэты момант глядзіць серыял. Дваццацісэкунднае відэа, у якім футбаліст запрашае наведаць бліжэйшы матч, павінна даць станоўчы эфэкт.
- Некаторыя беларускія клубы пачынаюць рабіць свой відэазмест. Напрыклад, берасцейскае «Дынама».
- Асабіста мне вельмі спадабалася прэв'ю перад матчам з «Мінскам». Вельмі пацешная пераробка фільма «Брат». Цікавасць да футбола трэба падаграваць. Тым больш шмат каму гэтыя відэа падабаюцца. Значыць, трэба працягваць у тым жа кірунку.
- У расейскай прэм'ер-лізе падобныя ролікі здымае «Кубань».
- Гэта вельмі добрыя камэрцыйныя творы. Амаль заўсёды выява суправаджаецца смешнымі жартамі. Берасцейскае «Дынама» таксама спрабуе жартаваць. Але перад матчам з «Нёманам» ролік пра аленяў быў не зусім карэктным. Гэта нейкі жах!
- У цябе асабіста ёсць нейкія спартовыя праекты ў галаве?
- Хачу зняць іміджавы ролік чэмпіянату Беларусі, у якім былі б задзейнічаны самыя знакамітыя гульцы нашага першынства. Цяпер у мяне з'явіліся знаёмствы. Спадзяюся, з залучэннем людзей праблем не ўзнікне.
- Акрамя паўнаметражнага фільма ёсць нейкія планы?
- Абяцаў у гэтым месяцы аднаму маладому спеваку зняць кліп. Шмат якія просьбы давялося адхіліць. Проста дапраўды мяркую, што гэты хлопец здолее ў будучыні праткнуцца ў зоркі.
- Пабочныя праекты не будуць перашкаджаць захапленню вялікім кіно?
- Гай Рычы таксама здымае рэкламныя ролікі. Фільм з'есць шмат эмоцый - гэта неймаверная праца, тым больш у нашых рэаліях і з маімі магчымасцямі. Свой фільм планую зняць за тры месяцы. Плюс мантаж - яшчэ амаль паўгода. На ролікі трэба значна менш часу.