BE RU EN

Менск-Вільня: менш часу ў дарозе - больш на мытні

  • 15.06.2013, 12:32

Хуткі цягнік з Менска ў Вільню адлегласць паміж дзвюма сталіцамі пераадольвае ўсяго за 2,5 гадзіны, але пакінуць тэрыторыю вакзала пасажырам адразу не выпадае.

Скарачэнне працягласці паездкі паміж Літвой і Беларуссю «з'ядае» мытная праверка. У чыгуначнай кампаніі запэўніваюць, што гэта часовыя невыгоды, піша літоўскае выданне Delfi.lt.

Хуткі цягнік з Мінска ў Вільню прыходзіць раніцай а 10.10. Пасажыры, якія прыехалі ў Вільню, адразу накіроўваюцца да мытнага кантролю, дзе ім трэба пачакаць у чарзе. З іхных слоў, мытны кантроль зазвычай займае ад 30 хвілін да гадзіны.

«Я сустракаю сваю далёкую сваячку. Яна цяпер праходзіць мытны кантроль. Ужо прамінула 30 хвілін, а яе ўсё няма. Яна ў Вільні спыняцца не мерыцца, а хоча паспець на аўтобус у Палангу, які адпраўляецца аб 11.30. Але тут такія чэргі, што я не ведаю, ці паспее яна», - жальбуе Вольга, што пільнуе ля мытнага кантролю.

Марыя, што прыехала з Менска з мужам, прайшла мытны кантроль і кажа, што ёй сваёй чаргі давялося чакаць пад 40 хвілін.

«Людзей прыехала вельмі шмат, а акенцы на мытным кантролі ўсяго два. Торбы яны нядоўга правяраюць, але ў агульным і цэлым працэдура займае шмат часу. А што рабіць, калі чалавеку яшчэ трэба перасесці на аўтобус?», - разводзіць рукамі жанчына.

Мужчына пенсійнага веку Антон, які таксама адстаяў у чарзе, кажа, што ў будучыні будзе ездзіць на аўтобусе.

«Паездка на аўтобусе займае 3 гадзіны, але там мытны кантроль неяк хутчэй праходзіць. А тут быццам і даехалі хутчэй, а якая карысць? Калі потым амаль гадзіну чакаць трэба. Я не кантрабандыст, чаму я павінен столькі чакаць? Кажуць, што ў наступным годзе запусцяць цягнік, які ў Вільню будзе прыходзіць за 2 гадзіны, але затое, напэўна, дададуць часу на мытні», - сказаў госць з Менска.

Чыгуначнікі: праверка займае блізу 45 хвілін

Як паведамілі DELFI у «Літоўскай чыгунцы» (Lietuvos geležinkeliai), з 26 траўня кампанія на маршруце Вільня-Менск-Вільня запусціла ў эксплуатацыю ўласныя цягнікі, раней гэтым маршрутам курсавалі цягнікі «Беларускай чыгункі». З гэтага ж дня таксама была змененая працэдура памежна-мытнай праверкі. На літоўскім баку яна праводзіцца ў новым тэрмінале.

«Нам вельмі шкада, што на гэтым этапе не ўсё ідзе складна. Аднак мы прыкладзем усе намаганні разам са службамі аховы дзяржаўнай мяжы і мытні, каб апраўдаць чаканні пасажыраў , што прыбываюць у Вільню, колькасць якіх далей расце», - сказаў Delfi.lt намеснік дырэктара дырэкцыі пасажырскіх перавозак ЛЧ Далюс Жэбраўскас.

Як адзначаюць у кампаніі, праверка пасажыраў у Вільні ў залежнасці ад іх колькасці займае пад 45 хвілін. Кампанія разам са службай аховы дзяржаўнай мяжы і Мытнай службай разглядала магчымасць праверкі пасажыраў у дарозе, аднак ад такога развязкі давялося адмовіцца праз недастатковую якасць сувязі. Надзейная сувязь на патрабаванне Шэнгенскай прасторы патрэбная для звароту да базы звестак, у якой змяшчаецца інфармацыя аб выдадзеных візах.

Як адзначаюць у кампаніі, травеньскія змены - гэта другі этап транспартнага праекта паміж Вільняй і Менскам, у выніку якога час паездкі паміж дзвюма сталіцамі быў скарочаны з 3 да 2,5 гадзін. На трэцім этапе, як чакаецца, час падарожжа будзе скарочаны да 2 гадзін, а дызельныя цягнікі будуць замененыя электрацягнікамі, якія развіваюць хуткасць да 160 км/гадзіну.

Акрамя таго, са слоў прадстаўніка ЛЧ, кампанія Дзяржаўнай службы аховы мяжы прапанавала для праверкі дакументаў выкарыстоўваць не 4, а ўсе 8 абсталяваныя на вакзале працоўныя месцы. На вакзале таксама мерацца абсталяваць павець над перонам і санітарныя вузлы.

Апошнія навіны