Амерыканскіх марскіх пяхотнікаў перакінулі на мяжу з Сірыяй
- 15.06.2013, 13:02
Тры сотні марскіх пяхотнікаў ЗША і комплекс ракет Patriot дыслакаваныя ў Ярданію ля мяжы з Сірыяй.
Гэтыя сілы былі перакінутыя да поўначы ад горада Эль-Мафрак пад прыкрыццём супольных вайсковых вучэнняў, якія праходзяць у паўночных раёнах гэтай блізкаўсходняй краіны. Нягледзячы на тое, што манеўры заканчваюцца на гэтым тыдні, марскія пяхотнікі застануцца на мяжы. Адной з галоўных задач, пастаўленай перад імі, з'яўляецца падрыхтоўка каналаў для паставак зброі сірыйскім паўстанцам, піша брытанская газета The Times.
Учора стала вядома аб пастанове амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы перадаць сірыйскім паўстанцам стралковую зброю, процітанкавыя комплексы і боепрыпасы да іх. Адначасова з гэтым ЗША паведамілі аб пацверджанні выпадкаў ужывання хімічнай зброі супраць цывільнага насельніцтва і паўстанцаў.
«Пасля ўважлівага вывучэння, нашая выведная супольнасць ацэньвае, што рэжым Асада выкарыстоўваў хімічную зброю, ужываючы нервова-паралітычны газ зарын, у малых маштабах і ў мностве выпадкаў у мінулым годзе супраць апазіцыі. Нашая выведная супольнасць мае высокую ступень упэўненасці ў гэтай ацэнцы, улічваючы наяўнасць шматлікіх і незалежных крыніц інфармацыі. Выведная супольнасць ацэньвае, што ад 100 да 150 чалавек загінулі ад зафіксаваных у Сірыі да сёння нападаў з дапамогай хімічнай зброі, але звесткі аб пацярпелых могуць быць няпоўнымі», - заявіў дарадца прэзідэнта ЗША нацыянальнай бяспекі Бэн Родс.
Раней аб ужыванне хімічнай зброі войскамі Башара Асада заяўлялі прадстаўнікі сірыйскай апазіцыі і вайсковага камандавання Ізраіля. Пра гэта таксама пісалі некаторыя заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах.
Барак Абама назваў доказы выкарыстання сірыйскім войскам зброі масавага паражэння «чырвонай рысай», скрыжаванне якой будзе азначаць пачатак амерыканскага ўмяшання ў канфлікт.
Канфлікт, што перарос у грамадзянскую вайну, цягнецца ў Сірыі з сакавіка 2011 года. Паводле звестак ААН, з пачатку вайсковых дзеянняў у Сірыі загінулі не менш за 90 тысяч чалавек. Пра магчымасць паставак узбраення апазіцыі раней паведамлялі і некаторыя еўрапейскія краіны, у тым ліку, Вялікабрытанія і Францыя.
Афіцыйны Менск неаднаразова заяўляў аб сваёй падтрымцы сірыйскага рэжыму. Шмат якія экспэрты і міжнародныя арганізацыі заяўляюць аб тым, што Беларусь пастаўляе зброю Башару Асаду ў абыход міжнародных санкцыяў, а спецыялісты з нашай краіны працуюць на вайсковых аб'ектах у Сірыі.