Карыстальнікі «Вконтакте» абышлі забарону на пірацкі кантэнт
- 16.06.2013, 9:37
Забароненую і выдаленую музыку запампоўваюць у сацыяльную сетку пад новымі назвамі.
Карыстальнікі сацыяльнай сеткі “Вконтакте” актыўна адрэагавалі на тое, што адміністрацыя пачала выдаляць музычны кантэнт з сайта. Адбылося гэта ў пятніцу 14 чэрвеня пасля прыняцця расійскай Дзярждумай у першым чытанні антыпірацкага закона.
Пасля зацвярджэння законапраекта ў сацсетцы сталі недаступныя некаторыя кампазіцыі замежных выканаўцаў. Беларускія карыстальнікі паведамілі аб тым, што пад забарону патрапіла музыка і некаторых гуртоў з нашай краіны, у тым ліку “Ляпіса Трубяцкога”. Пры спробе праслухаць кампазіцыю ўсплывае акно з паведамленнем наступнага зместу: “Аўдыёзапіс быў скасаваны з публічнага доступу ў сувязі са зваротам праваўладальніка. Вы можаце выдаліць аўдыёзапіс, які парушае аўтарскія правы”.
Інтэрнэт-карыстальнікам новаўвядзенне не прыйшлося да душы: у Twitter з'явіўся хэштэг # вернитемузыкувVK, які на некаторы час заняў месца ў сусветных трэндах сэрвісу мікраблогаў, піша NEWSru.com.
Карыстальнікі, зрэшты, неўзабаве знайшлі дасціпны выхад: песні зноў запампоўваюць у сетку, перакручваючы імёны выканаўцаў. Так, запісы Coldplay даступныя як “Халодныя гульні”, Селена Гомес ператварылася ў “Салодкага гноміка”, Lana Del Rey стала “Ваннай Без Дзвярэй”, а Maroon 5 - групай “5 чувакоў”. Няпоўны спіс дасціпных скарачэнняў апублікаваны “ВКонтатке”.
Раней Павел Дураў са сваёй сацсеткі вычышчаў не музыку сусветнага ўзроўню, а, наадварот, творы, якія не адпавядаюць яго эстэтычнаму ўспрыманню. Напрыклад, быў забаронены фільм “Нявіннасць мусульман”, названы ім “ўбогім”. Таксама з сацсеткі зніклі запісы спевака Сяргея Лазарава. Той абураўся, што запісы выклалі ў адкрыты доступ. Дураў адрэагаваў ў “Твітэры”: “выдаліў трэкі Сяргея Лазарава з VK. Культурная каштоўнасць аўдыёзапісаў “Вконтакте” рэзка павялічылася”.
У бліжэйшы час з сацсеткі могуць быць выдаленыя песні U2, Sting, Elton John, Metallica, Luciano Pavarotti, Andrea Bocceli, Mylene Farmer і іншых выканаўцаў, праваўладальнікам песень якіх з'яўляецца кампанія Universal Music Russia, піша РИА «Новости». Таксама могуць быць выдаленыя песні выканаўцаў, праваўладальнікамі якіх з'яўляюцца кампаніі Warner Music Group і Sony Music Entertainment, у прыватнасці, групы Linkin Park, Bee Gees, Red Hot Chili Peppers, спявачка Мадонна і іншыя.
Фота: brodude.ru