Сялянам не кампенсуюць страты ад паводкі
- 16.06.2013, 12:35
Прыродныя катаклізмы нанеслі многім вяскоўцам мільённыя страты.
Напрыклад, у Ганцавічах дажджамі затапіла падвалы дамоў, дзе захоўваюцца маёмасць і гародніна. У прыватным сектары ў горадзе і ў многіх вёсках затапіла прысядзібныя надзелы. Шмат хто з жыхароў, уклаўшы вялікія сродкі ў насенне, апрацоўку глебы і ўгнаенні, у гэтым годзе застануцца без ураджаю бульбы, гародніны і садавіны, піша мясцовае выданне "Ганцавiцкi час".
“Сэрца крывёю абліваецца ... Усё затопленае, як у катлаване! На каленях поўзала, садзіла, палола, каб хоць нешта вырасціць на ўчастку, за маю пенсію хіба купіш усё, што трэба... - паскардзілася інвалід 2-й групы, ганцавічанка Надзея Ізбіцкая. - На кампенсацыю таксама сказалі не спадзявацца, маўляў, гэта пры савецкай уладзе так было, а цяпер не даюць”.
З праблемай затаплення сутыкнуліся цяпер многія. Домы на вуліцах Будаўнікоў і Завадской у Ганцавічах таксама многія затопленыя. Прыязджала нават камісія з Камітэта дзяржкантролю і даследавала прычыны, чаму дрэнна працуе дрэнажная сістэма. У аблвыканкам было накіравана хадайніцтва аб выдзяленні сродкаў на пракладку дрэнажу ніжэй за ўзровень, на якім ён знаходзіцца цяпер. Але пакуль адказу няма.
Не абмінулі наступствы стыхіі і жыхароў вёсак. У некаторых з іх, па словах вяскоўцаў, за паўгадзіны моцнай навальніцы з градам ў суботу 8 чэрвеня былі знішчаны пасевы на прысядзібных надзелах і на калгасных палях. Некаторыя вуліцы ў вёсцы Раздзялавічы, напрыклад, былі затопленыя і ўзровень вады дасягаў паўметра.
Па словах жыхароў, град выпаў велічынёй са сліву. Пашкодзіў нават металачарапіцу на дахах і аўтамабілі. Град у вёсцы на асобных ўчастка ляжаў да раніцы.
“Колькі сам жыву, ды і паджылыя людзі кажуць, што такога граду і патопу ў вёсцы ніколі не было, - распавядае Аляксандр Крупеніч. - Вось што цяпер людзям рабіць? Усе загінула, столькі сіл і намаганняў на пайшло ў нябыт. За што будзе купіць бульбу, гародніну? Можа хоць неяк змогуць нам дапамагчы ўлады?”
У надзеі на дапамогу некаторыя жыхары вёскі звярнуліся да камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме. Але надзеі на выплату кампенсацыі вельмі невялікія.
Па словах начальніка аддзела гарадской гаспадаркі Валерыя Русакевіча, атрымаць кампенсацыю шкоды могуць толькі тыя, хто страхуе сваю маёмасць. За пасевы нікому нічога не выплацяць, так як страхавыя кампаніі такія выпадкі не страхуюць.
Закладзеныя ў бюджэце 50 млн рублёў з фонду фінансавання выдаткаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, фізічным асобам таксама вылучыць не могуць. Сродкі вылучаюцца і выдаткоўваюцца на ліквідацыю наступстваў надзвычайных здарэнняў: транспартныя выдаткі, адпампоўка вады і т.п. Паводле яго слоў, у горадзе і вёсках, дзе магчыма было, ваду адпампоўвалі і чым змаглі, людзям дапамагалі.
Адказ Валерыя Мікалаевіча зразумелы. Грошай няма. Гэта цяпер найбольш распаўсюджаны адказ, які даводзіцца чуць людзям.
Але акрамя гэтых 50 млн рублёў, у раённым бюджэце на 2013 год п. 9.1. прадугледжаны выдаткі і створаны рэзервовы фонд райвыканкама ў суме 711 624,0 тыс. рублёў і п. 9.2. рэзервовы фонд райвыканкама звыш памеру, устаноўленага ў падпункце 9.1, у суме 1875 277,0 тыс. рублёў. Разам, рэзервовы фонд мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў складае 2 млрд 536 тыс. 901 рубель. Цікава, на якія мэты выдаткавацца сродкі рэзервовага фонду?
У мінулыя гады з зэканомленых грошай для райвыканкама куплялі новыя аўтамабілі: УАЗы, Тайоту і хавалі іх у гаражах на цягам некалькіх месяцаў, каб не бударажыць народ.