БТ знайшло «чупакабру» на радзіме Лукашэнкі
- 20.06.2013, 8:27
Загадкавага звера выявілі ў Магілёўскай вобласці.
У Горацкім раёне, што па суседстве са Шклоўскім, невядомая істота знішчае хатніх жывёл. Драпежнік нападае выключна ўначы, таму яго ніхто не бачыў, а версій наконт таго, што гэта за звер, - мноства. Мясцовыя жыхары, лічаць, што гэта - «чупакабра», пра якую раней паведамлялі з іншых рэгіёнаў краіны.
Шматлікія заявы пра тое, што загадкавы звер з'явіўся недалёка ад радзімы беларускага дыктатара, прымусіў супрацоўнікаў БТ падключыцца да яго пошукаў.
Жыхары вёскі Рэкта Горацкага раёна сур'ёзна забілі трывогу, калі пяць дзён запар сталі знаходзіць мёртвых трусоў у сябе на падворках. Хто палюе на хатнюю жыўнасць - незразумела, сляды ад невядомай істоты мясцовая жыхарка паказвае, не хаваючы здзіўлення.
«Паехалі па чатырох падворках, дзе раней былі задушаныя трусы. Выявілі сляды ўзлому нейкай жывёлай клетак і дзвярэй у адрынах. Засталіся сляды зубоў і кіпцюроў», - распавядае Сяргей Казлоў, начальнік Горацкага РАНС.
Некаторыя жыхары сцвярджаюць, што бачылі звера, але не разгледзелі ў цемры: істота палюе выключна ўначы. У ратавальнікаў, якія правялі сапраўдны рэйд па пацярпелых падворках, таксама ёсць версія наконт прыналежнасці начнога прадстаўніка фауны.
«Са слоў паляўнічых, гэта можа быць і дзікі паляўнічы сабака», - кажа Сяргей Казлоў.
Пакуль версіі застаюцца версіямі. Але мясцовыя жыхары на «авось» ужо не спадзяюцца, а сур'ёзна думаюць пра пасткі. А некаторыя ўжо паспелі абнавіць агароджы вакол двароў.
Нагадаем, за апошні час «чупакабра» з'яўлялася ў Слоніме, Старобіне і Драгічынскім раёне.