Зорка серыяла «Клан Сапрана» Джэймс Гандальфіні памёр у Рыме
- 20.06.2013, 9:30
Амерыканскі кінаакцёр, які набыў вядомасць роляй у тэлесерыяле «Клан Сапрана», раптоўна сканаў у італьянскай сталіцы.
Яму было 52 гады. Прычынай смерці стаў сардэчны прыступ, паведаміў тэлеканал HBO.
Джэймс Гандальфіні прыехаў у Італію для ўдзелу ў кінафестывалі на Сіцыліі.
Вядомы акцёр нарадзіўся 18 верасня 1961 года ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі ў сям'і выхадцаў з Італіі. Ён скончыў Універсітэт Рутджэрс, атрымаўшы ступень бакалаўра мастацтваў. Таксама займаўся ў акцёрскай студыі Мейснера, піша NEWSru.com.
Гандальфіні запомніўся гледачам працамі ў карцінах: «8 міліметраў» (1999), «Мексіканец» (2001), «Чалавек, якога не было» (2001), «Адзінокія сэрцы» (2006), «Рабаванне казіно» (2012) і «Мэта нумар адзін» (2012).
Сусветную вядомасць акцёру прынесла роля Тоні Сапрана ў серыяле «Клан Сапрана», які выходзіў на канале HBO з 1999 па 2007 гады. Праца Гандальфіні ў серыяле была тройчы адзначаная прэміяй Emmy - у 2000, 2001 і 2003 гадах. Гэтая ўзнагарода лічыцца самай прэстыжнай тэлевізійнай прэміяй у ЗША.
У 2000 годзе Джэймс Гандальфіні за ролю Тоні Сапрана таксама быў узнагароджаны прэміяй «Залаты Глобус».
Фота: Associated Press