Украінскі палітолаг: Лукашэнка і Януковіч пляткарылі за спінай у Пуціна
- 20.06.2013, 9:45
Візіт беларускага кіраўніка ў Кіеў быў звязаны не толькі з урэгуляваннем пытання аб дзяржаўнай мяжы паміж дзвюма краінамі.
Лукашэнку і Януковічу было неабходна абмеркаваць некаторыя пытанні за спінай у расейскага прэзідэнта. Пра гэта заявіў украінскі палітолаг Віктар Небажэнка.
Паводле яго слоў, тэма дамовы аб дзяржаўнай мяжы - гэта проста афіцыйная падстава для сустрэчы, піша «Росбалт».
«Увогуле сустрэча двух кіраўнікоў славянскіх краін, пакуль Уладзіміра Пуціна няма дома, насцярожвае. Хутчэй за ўсё, яны казалі пра нешта, пра што не трэба ведаць расейскаму прэзідэнту. А мяжа - толькі падстава. Напэўна абмяркоўвалі тэму Мытнага саюза і адносіны з Пуціным - бо што яшчэ можа быць важней для Кіева і Менска? А ўсе астатнія тэмы - накшталт пазык і мяжы - можна вырашыць і без сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў», - заявіў Небажэнка.
Нагадаем, Лукашэнка разам са сваім незаконнанароджаным сынам прыляцеў у Кіеў 17 чэрвеня. Актывісткі руху FEMEN сустрэлі яго начной акцыяй з факеламі і лозунгамі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. 18 чэрвеня кіраўнік сустрэўся з Віктарам Януковічам. Яны абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі па дамове аб дзяржаўнай мяжы праз 16 гадоў пасля яе падпісання. Украінскі прэзідэнт пагадзіўся выплаціць за гэта «пазыку» ў памеры 134 мільёнаў даляраў.
Фота: ИТАР-ТАСС