BE RU EN

Дэпардзье згуляе галоўную ролю ў фільме пра Алімпіяду ў Сочы

  • 20.06.2013, 11:19

Жэрар Дэпардзье згуляе ролю дырэктара зборнай расейскіх гарналыжнікаў у фільме пра Алімпіяду ў Сочы.

Пра гэта паведаміў прадзюсер Фёдар Папоў. «Спорт без межаў» - расейска-аўстрыйская конпрадукцыя, прымеркаваная да зімовай Алімпіяды.

Дэпардзье згуляе спартыўнага дырэктара Сяргея Раманава, які вымушаны вырашаць праблему павышэння выніковасці каманды мужчынскай зборнай Расеі па горных лыжах напярэдадні Алімпіяды ў Сочы, перадаюць «Вести».

Па словах прадзюсара, галоўная жаночая роля будзе аддадзеная дэпутату Дзярждумы Марыі Кажэўнікавай, адзначае «Інтэрфакс». Таксама ў стужцы здымецца зорка гарналыжнага спорту Карл Шранс. Рэжысёрамі карціны стануць аўстрыец Ота Рэтцэр і расеец Аляксандр Ламакін.

Фёдар Папоў спадзяецца на шырокі пракат фільма. «Гэты фільм мы распрацоўваем як камерцыйны праект для шырокага кінатэатральнага пракату. Бюджэт - 3 мільёны еўра», - адзначыў Папоў.

Нагадаем, Дэпардзье ў пачатку гэтага года атрымаў расейскае грамадзянства. Французскі акцёр вырашыў пакінуць радзіму пасля таго, як яму стаў пагражаць уводзімы там з 2013 года 75-адсоткавы падатак для мільянераў. Спачатку Дэпардзье перабраўся ў Бельгію, аднак затым яму прапанавалі расейскае грамадзянства. Акцёр прыняў гэтую прапанову, прызнаўшыся пры гэтым у глыбокай павазе да Пуціна, які, па яго словах, шмат робіць для развіцця культуры.

Фота: Associated Press

Апошнія навіны