«Сюрпрыз» да адпачынкаў
- 20.06.2013, 12:52
У разгар сезону адпачынкаў каля Нацыянальнага аэрапорта Менск абмяжуюць рух транспарту.
Рух аўтатранспарту па плошчы Нацыянальнага аэрапорта Менск абмежаваны з-за рэканструкцыі будынка аэравакзала і пачатку будаўнічых работ, паведамляе прэс-служба аэрапорта.
З-за абмежаванняў, выкліканых будаўнічымі работамі, адміністрацыя Нацыянальнага аэрапорта рэкамендуе наведвальнікам і карыстальнікам аэравакзальнага комплексу па магчымасці планаваць свае паездкі ў аэрапорт на грамадскім транспарце. Расклад экспрэснага маршруту № 300Э, які ідзе з аўтавакзала «Цэнтральны», можна знайсці на сайце ГП «Менсктранс».
У выпадку неабходнасці паездак на асабістых аўтамабілях, Дзяржаўтаінспекцыя просіць кіроўцаў строга выконваць правілы дарожнага руху і не пакідаць свае транспартныя сродкі ў неўстаноўленых месцах, паколькі гэта можа ўскладніць працу спецтэхнікі і праезд іншага транспарту.
Дату адкрыцця руху на аэравакзальнай плошчы ў прэс-цэнтры не канкрэтызавалі.
Рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта Менск праводзіцца пры падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.