BE RU EN

На кангрэс рускай прэсы сагналі студэнтаў-завочнікаў БДУ

  • 20.06.2013, 13:44

Студэнтам Інстытута журналістыкі БДУ загадалі з'явіцца на пасяджэнне Сусветнага кангрэса рускай прэсы, каб паслухаць «галоўнага прамоўцу».

На пасяджэнне XV Сусветнага кангрэса рускай прэсы, які ў чацвер праходзіць у Менску, як высветлілася, многіх студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ заклікаюць у абавязковым парадку. Каб тыя стварылі масавасць для галоўнага госця форуму - Аляксандра Лукашэнкі, піша «Салідарнасць».

У мерапрыемстве бяруць удзел журналісты з трохсот сродкаў масавай інфармацыі, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы Расеі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, студэнты і выкладчыкі інстытута журналістыкі БДУ.

Яшчэ тыднем раней у сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя аб тым, што студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ на сустрэчу з Лукашэнкам запрашаюць, выкарыстоўваючы адміністрацыйныя метады.

- На прэс-канферэнцыю запісалася 110 студэнтаў, - паведамілі ў чацвер раніцай у дэканаце завочнага факультэта Інстытута журналістыкі. - Яшчэ больш выказалі жаданне запісацца. Але спісы ўдзельнікаў мы адправілі ў аўторак, так што патрапіць на сустрэчу змаглі не ўсе жадаючыя. Ніякага адміністрацыйнага рэсурсу прыцягваць не прыйшлося, мы нават адмовілі студэнтам малодшых курсаў, таму што ў іх складаная сесія - хай вучацца. Спадзяемся, што нашы студэнты змогуць задаць цікавыя пытанні на кангрэсе.

У студэнтаў-завочнікаў версія запрашэння на кангрэс адрозніваецца ад афіцыйнай. Гэта стала зразумела пасля размовы з некалькімі з іх:

- Абавязалаўка яшчэ тая. Падыходзіць стараста, і кажа - давай запісвайся. І гэта абавязкова. Завочнікаў на такія мерапрыемствы «запрагаюць» як раз падчас сесіі. Ловяць на парах і наперад! Сёння, напрыклад, павінны былі быць заняткі, а сагналі (самі ведаеце куды) тых, каго змаглі вылавіць на факультэце. Потым яшчэ прасочаць, як паводзілі сябе, якія пытанні задавалі.

Апошнія навіны