BE RU EN

Тозік абяцае павялічыць нараджальнасць да 2015 года

  • 20.06.2013, 15:50

Віцэ-прэм'ер прыдумаў, як прымусіць беларусак нараджаць больш дзяцей.

Аб сваіх планах Анатоль Тозік распавёў на канферэнцыі «Абследаванне хатніх гаспадарак па ацэнцы становішча дзяцей і жанчын у Рэспубліцы Беларусь (МИКС4)» 20 чэрвеня ў Мінску, паведамляе прэс-служба ўрада.

Ён адзначыў, што працэс дэпапуляцыі назіраецца ў Беларусі з 1994 года, аднак павелічэнне нараджальнасці ў краіне дае падставы меркаваць, што да 2015 году працэс змяншэння насельніцтва будзе спынены.

«Мы можам ганарыцца, - сказаў Тозік, - што ў нас вельмі добрая тэндэнцыя павелічэння колькасці народжаных дзяцей. У мінулым годзе за апошнія 10 гадоў гэтая лічба была максімальнай і склала больш за 116 тысяч дзяцей. Сёння ёсць поўная ўпэўненасць, што мы ў бліжэйшыя два гады спынім тэндэнцыю змяншэння колькасці насельніцтва».

Дынаміку росту колькасці насельніцтва ў будучыні плануецца забяспечыць дзякуючы падтрымцы сем'яў з дзецьмі. Ужо цяпер, падкрэсліў Тозік, Беларусь з'яўляецца лідарам сярод краін СНД у рэйтынгу спрыяльнага мацярынства і займае 33-е месца ў свеце. Палітыка падтрымкі сем'яў будзе працягвацца і далей з акцэнтам на стымуляванне нараджэння другога дзіцяці. У Беларусі, сказаў ён, каля 64% сем'яў маюць толькі адно дзіця, хоць колькасць сем'яў з двума і больш дзецьмі павялічваецца. Калі ў сем'ях будзе двое, трое дзяцей, сказаў Тозік, «краіна будзе развівацца нармальна, і чалавечы патэнцыял будзе паляпшацца».

Ён адзначыў, што дэмаграфічная палітыка будзе будавацца на наступных прыярытэтах: гэта ўмацаванне інстытута сям'і, павелічэнне нараджальнасці і скарачэнне смяротнасці насельніцтва. Як нагадаў віцэ-прэм'ер, «Лукашэнка неаднаразова казаў, што нармальнае камфортнае жыццё наша тэрыторыя, умовы, у якіх мы жывем, дазваляюць забяспечыць для 30 млн чалавек як мінімум».

Паводле дадзеных Белстата, колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 1 лютага 2013 года склала 9 462,4 тыс. чалавек. Колькасць жыхароў краіны скарачаецца з 1994 года.

Апошнія навіны