ДАІ хоча штрафаваць матацыклістаў за роў матораў
- 20.06.2013, 16:50
Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя прапануе змяніць працэдуру рэгістрацыі мотатранспарту.
Пра гэта сёння падчас прамой тэлефоннай лініі паведаміў начальнік упраўлення ДАІ галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Зміцер Карзюк, перадае БелТА.
«З улікам таго што з прыходам цёплага перыяду павялічваецца колькасць аварый з удзелам двухколавага транспарту, таго, што многія матацыклісты, якія трапляюць у аварыі, парушаюць правілы ў сферы рэгістрацыі транспарту, атрымання правоў на яго, мы лічым, што трэба мяняць працэдуру рэгістрацыі мотатранспарту. Магчыма , варта ўвесці абавязковую рэгістрацыю матацыклаў ужо на пачатковай стадыі, каб ён схадзіў з мытнага тэрмінала ўжо зарэгістраваным», - адзначыў начальнік ДАІ.
Паводле яго слоў, сучасныя матацыклы - гэта асаблівыя транспартныя сродкі, вельмі магутныя, і для іх кіравання патрэбныя адмысловыя навыкі.
«Матацыклам могуць кіраваць не ўсе. Маладыя людзі, якія садзяцца на іх, часта пераацэньваюць свае магчымасці, а гэта часта прыводзіць да трагічных наступстваў», - сказаў Зміцер Карзюк.
Да таго ж ДАІ ініцыюе пытанне пра ўвядзенне кантролю за шумам, які распаўсюджваюць матацыклы.
«Гэтая праблема хвалюе многіх людзей. Мы можам сёння вымераць шумнасць ліфта, самалёта, але не матацыкла ў гарадскіх умовах. З увядзеннем кантролю шумнасці такая актуальная праблема для горада будзе вырашаная», - адзначыў Зміцер Карзюк.
Ён таксама закрануў тэму пераследу матацыклістаў супрацоўнікамі ДАІ.
«Мы абавязаныя і будзем гэта рабіць у тых выпадках, калі гэта неабходна. ДАІ працуе ў рамках прававога поля, і гэта неабходна для забеспячэння бяспекі дарожнага руху», - падкрэсліў начальнік ДАІ горада.