Маленькі ганебны сакрэт Еўропы
- 20.06.2013, 17:39
Часопіс «Foreign Policy» лічыць, што Еўропе павінна быць сорамна за тое, што ўжо 20 гадоў у самым яе цэнтры існуе дыктатура.
Бард нашага часу - так часта называюць Тома Стопарда, знакамітага драматурга, уладальніка шматлікіх творчых узнагарод. Дзелячыся са мной уражаннямі аб рэцэнзіі на спектакль «Менск-2011», апублікаванай 17 студзеня 2013 года ў «Нью-Йорк Таймс», сэр Том (а Каралева Лізавета II асабіста ўвяла ў рыцары англічаніна чэшскага паходжання ў 1997 годзе) ледзь стрымлівае эмоцыі. Аўтар рэцэнзіі Бэн Бэнтлі назваў спектакль «прыгожым і жорсткім» і адзначыў яго «міфалагічнасць», піша Крысціна Адоне ў часопісе «Foreign Policy» (пераклад - charter97.org).
- Лепшай рэцэнзіі і не прыдумаеш, Вы згодныя, Том?
Сэр Том свеціцца ад радасці. Гэта не яго спектакль, але Том даўно падтрымлівае Беларускі Свабодны Тэатр, забаронены ў роднай Беларусі з-за жорсткай крытыкі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
Стопард дапамагае яшчэ аднаму ворагу Лукашэнкі - Андрэю Саннікаву. У снежні 2010 года пасля выбараў прэзідэнта былога намесніка міністра замежных спраў кінулі ў турму і катавалі за тое, што ён вылучыў сваю кандыдатуру. Два гады таму Том Стопард пісаў лісты ў падтрымку Саннікава. Палітык лічыць сваё вызваленне пасля 16 месяцаў турмы, у тым ліку, заслугай Стопарда.
Але, нягледзячы на гэтую перамогу, ні дысідэнт, ні драматург не могуць змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам на роўных. Чалавек, вядомы як апошні дыктатар Еўропы, ўжо 19 гадоў трымае краіну ў сваім капкане. За час яго праўлення Беларусь, дзяржава памерам у штат Канзас і насельніцтвам у 9,5 мільёнаў чалавек, стала вядомая ва ўсім свеце як краіна з павальнымі парушэннямі палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў. Пачынаючы з 1994 года, усе выбары і рэферэндумы ў Беларусі былі старанна зрэжысаваныя рэжымам.
Хай у першым радку нацыянальнага гімна спяваецца «Мы беларусы, мірныя людзі», але з канца 90-ых у краіне аперуе тайны эскадрон смерці. Шэраг апазіцыянераў прапалі без вестак або абвешчаныя палітычнымі вязнямі.
Марыетэ Шааке, сябра Еўрапейскага парламента ад Галандыі, даўно заклікае ЕЗ узмацніць пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Яна заўважае, што абмежавальныя меры Еўразвяза не аказваюць належнага эфекту на беларускія ўлады: «1 красавіка 2013 года беларускі міністр замежных спраў (Уладзімір Макей) заявіў, што яго краіна гатовая да дыялогу з ЕЗ - але без ціску, пагрозаў або санкцый».
Што застаецца рабіць Саннікаву, калі ні кропкавыя санкцыі, ні яго асабісты ўклад як апазіцыйнага палітыка не могуць пахіснуць дыктатуру?
Сувязі з Захадам павінны стаць шчыльней: замежныя студэнты, скаўты, веласіпедысты, аматары спа-гатэляў. Тады, на думку Саннікава, беларусы «самі зразумеюць, што такое свабода слова і прэсы і вяршэнства закона, і не будуць больш мірыцца з прыгнётам дыктатуры».
Саннікаў хоча пераканаць Еўразвяз, што неабходныя змены ў візавым рэжыме. Беларусы могуць падарожнічаць па Еўропе, але па сённяшні дзень заблытаная і дарагая працэдура атрымання візы займае вельмі шмат часу. Аднак Марыетэ Шааке перакананая, што хутка сітуацыя зменіцца. Еўразвяз хоча пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і дамоваў аб рэадмісіі для грамадзян Беларусі. Беларускі ўрад яшчэ ніяк не адрэагаваў на гэту прапанову - з пункту гледжання Шааке, відавочная прыкмета таго, што Лукашэнка імкнецца да ізаляцыі: «У рэшце рэшт, варта людзям адчуць на сабе, што якасць жыцця ў Еўропе вышэй, любыя догмы і дактрыны пахіснуцца».
Пакуль Лукашэнка абдумвае варыянты. Ці вырашыцца ён у чарговы раз абвесці Еўропу вакол пальца? І калі не, ці не пакрыўдзіцца Уладзімір Пуцін? Саннікаў упэўнены: яго місія - падтрымліваць міжнародную цікавасць да Беларусі.
Аднак гэта задача не з лёгкіх. Том Стопард кажа: «Што такое пара забойстваў у параўнанні з крывавымі бойнямі ў Сірыі, якія мы бачым кожны дзень? Што такое дзесятак зніклых палітыкаў у параўнанні з наступствамі «арабскай вясны»?» Праз хвіліну ён дадае: «Але ёсць адна прычына, па якой Беларусь не можа быць нам абыякавай. Гэта Еўропа».