BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя распавяло, у якіх медцэнтраў забралі ліцэнзіі

  • 20.06.2013, 17:49

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала спіс дванаццаці прыватных медцэнтраў, якіх пазбавілі ліцэнзіі.

У пазбаўленых ліцэнзіі медцэнтрах была выяўленая неадпаведнасць шэрагу патрабаванняў, у тым ліку выкарыстоўвалася састарэлае медыцынскае абсталяванне, меліся іншыя парушэнні.

У выніку спыненае дзеянне ліцэнзій на медыцынскую дзейнасць у поўным аб'ёме або ў частцы адпаведных работ і паслуг наступным суб'ектам гаспадарання:

у частцы работ і паслуг па анестэзіялогіі і рэаніматалогіі:

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Валерэ», г.Менск,

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Грандмедыка», г.Менск,

- замежнаму прыватнаму кансультатыўнаму ўнітарнаму прадпрыемству «МедАрт», г. Менск,

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Медэксперт», г. Менск,

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Дзеля здароўя», г. Менск,

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «ТрансЭнергаОйл», г. Менск,

- сумеснаму таварыству з абмежаванай адказнасцю «Экамедсервіс-Медыцынскі цэнтр», г. Менск;

у частцы работ і паслуг па гінекалогіі:

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Жадаем здароўя», г. Слуцк;

у частцы работ і паслуг па хірургіі:

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Сальфея», г.Менск,

- прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству па аказанні паслуг «Леда-Мед», г.Баранавічы;

у частцы работ і паслуг па стаматалогіі хірургічнай:

- таварыству з абмежаванай адказнасцю «Стамака», г. Орша.

У поўным аб'ёме ліцэнзія на медыцынскую дзейнасць спыненая ТАА «Флорэнс-Дэнталь (г. Орша) - за перашкоды дзейнасці камісіі Міністэрства аховы здароўя ў правядзенні мерапрыемстваў па кантролі за выкананнем заканадаўства аб ліцэнзаванні і ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў у частцы ацэнкі якасці аказання стаматалагічнай дапамогі, у тым ліку невыкананне законных распараджэнняў службовых асоб аб допуску да правядзення праверкі па месцы ажыццяўлення медыцынскай дзейнасці незалежна аб папярэднім папярэджанні аб маючым адбыцца маніторынгу. Факт перашкоды ТАА «Флорэнс-Дэнталь» у законных дзеяннях прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя сведчыць пра тое, што медыцынская дзейнасць у частцы выканання работ і паслуг па стаматалогіі ажыццяўляецца ТАА «Флорэнс-Дэнталь» з грубейшымі парушэннямі, якія могуць пацягнуць у грамадзяніна ўстойлівае расстройства здароўя і якія дадзенае таварыства хацела схаваць ад правяраючых.

Масавая праверка прыватных медцэнтраў пачалася ў Беларусі пасля трагічнага выпадку, які адбыўся з пацыенткай сталічнага МЦ «Экамедсервіс» Юліяй Кубаравай. Пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа ў сталічным камерцыйным медыцынскім цэнтры 27 сакавіка Юлія Кубарава не прыйшла ў прытомнасць. Праз чатыры тыдні, не прыходзячы ў прытомнасць, пацыентка, перанакіраваная ў 4-ю гарадскую клінічную бальніцу, памерла.

Па словах сваякоў дзяўчыны, аперацыя замест пакладзеных паўтары-дзве гадзіны доўжылася амаль тры. Хірург пасля ўмяшання з'ехаў адразу, анестэзіёлаг зазірнуў да дзяўчыны ў палату, патлумачыўшы, што будзіць яе не трэба - прачнецца сама. І таксама пакінуў устрывожаных бацькоў пацыенткі.

Ноччу медсястра цэнтра, не бачачы паляпшэння яе стану, выклікала лекараў, і дзяўчыну даставілі ў рэанімацыю 4-й гарадской клінічнай бальніцы Менска, дзе яна знаходзілася ў коме чатыры тыдні. Па факце смерці пацыенткі «Экамедсервіса» былі затрыманыя пяць чалавек.

Апошнія навіны