BE RU EN

Павел Севярынец: Расеі варта падзякаваць Беларусі за мову і асвету

  • 20.06.2013, 18:34

Беларусь цягам некалькіх стагоддзяў культурна і духоўна адукоўвала Расею.

Пра гэта нагадаў палітвязень Павел Севярынец, каментуючы сайту charter97.org заяву Лукашэнкі аб тым, што беларусы належаць да расейскай культуры і цывілізацыі.

«Безумоўна частка гістарычнай праўды тут ёсць. Вельмі шмат этнічных беларусаў зрабілі свой унёсак у расейскую літаратуру. Гэта факт яшчэ з часоў Сямёна Полацкага, які быў выхавальнікам у царскіх дзяцей. Далей, вельмі вядомыя пісьменнікі, сярод якіх Дастаеўскі і Грыбаедаў, што паходзілі з беларускага роду. Але з гэтага не вынікае, што Беларусь належыць да расейскай цывілізацыі. Вялікае княства Літоўскае было апанентам Масквы ў аб'яднанні славянскіх зямель. З тых часоў беларуская літаратурная мова была больш развітая, распрацаваная і перадавая, расейская мова як раз на ёй і ўзбагацілася», - адзначыў палітык.

Ён падкрэсліў, што калі ў Беларусі існавала больш за 150 друкарняў, у Расеі было толькі дзве, і адна з іх беларуская.

«Дастаткова ўспомніць той факт, што беларус Францішак Скарына надрукаваў Біблію ў 1517 годзе, а ў Расеі першадрукары-беларусы Іван Фёдараў і Фёдар Мсціславе надрукавалі Біблію амаль праз 50 гадоў - у 1564. Дарэчы, гэтую друкаваную Біблію пасля спалілі, а першадрукароў выгналі. Наогул Масковія ў XVI стагоддзі была краінай цемрашальства. Таму, калі і казаць пра нешта, то пра ўзаемны ўплыў. Беларуская мова шмат чаго дала для развіцця расейскай мовы. Культурнай і духоўнай місіяй Беларусі была асвета Расеі, якая тады была дзікім усходам, культура і элементы цывілізацыі ішлі ў Расею ў асноўным праз Беларусь», - заявіў Павел Севярынец.

Нагадаем, сёння перад удзельнікамі Сусветнага кангрэсу расейскай прэсы, які адкрыўся ў Менску, выступіў беларускі дыктатар.

«Беларуская мова стварыла вялікую расейскую культуру, якая таксама з'яўляецца здабыткам шмат якіх народаў і да якой, калі браць паняцце расейскай культуры і цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, належым усе мы», - заявіў ён.

Апошнія навіны