BE RU EN

Пуцін прыняў адстаўку Сабяніна

  • 5.06.2013, 15:40

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыняў у сераду адстаўку мэра Масквы Сяргея Сабяніна.

Як паведамляе «Інтэрфакс», кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прапановай Сабяніна аб правядзенні датэрміновых выбараў у сталіцы і заявіў, што падпіша ўказ аб ягонай адстаўцы і прызначэнні выканаўцам абавязкаў кіраўніка горада.

На сустрэчы з Пуціным у Крамлі Сабянін адзначыў, што ўпершыню за апошнія 30 гадоў «з'явілася магчымасць датэрміновага складання паўнамоцтваў мэра і датэрміновых выбараў». «Будзе правільна, - сказаў ён, - калі выбары адбудуцца ў гэтым годзе». Пасля гэтага ён звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб датэрміновай адстаўцы і папрасіў вызначыць выканаўцу абавязкаў, піша NEWSru.com.

«Агулам вы працуеце паспяхова, таму я прашу Вас прадоўжыць гэтую працу. Падпішам сёння ўказ аб прызначэнні Вас выканаўцам абавязкаў аж да выбараў», - цытуе Пуціна ІТАР-ТАСС.

У сваю чаргу Сабянін паведаміў, што мае намер зноў балатавацца на пасаду мэра. «Было зацверджана даволі шмат сур'ёзных праграм, і кідаць на паўшляху было б няправільна. Мяркую, што мне трэба ўдзельнічаць у выбарах мэра горада», - сказаў ён.

Пуцін таксама выказаў надзею, што Сабянін аж да выбараў здолее забяспечыць рытмічную працу ўсіх гарадскіх службаў. «Нягледзячы на ўнутрыпалітычныя падзеі, у такім буйным горадзе як Масква павінен быць забяспечаны сацыяльны парадак, спадзяюся, што Вы з гэтым справіцеся», - сказаў на заканчэнне прэзідэнт. Ён таксама пажадаў Сабяніну поспехаў на выбарах.

Сабянін быў прызначаны мэрам Масквы ў кастрычніку 2010 года. Ягоныя паўнамоцтвы павінны былі скончыцца толькі ў 2015 годзе. Год таму ў сталіцы быў прыняты закон аб наўпроставых выбарах кіраўніка горада.

Яшчэ вясной Сабянін публічна адпрэчваў планы датэрміновых выбараў, кажучы, што «пакуль не адчувае такой ахвоты ў масквічоў». Пра магчымасць правядзення такіх выбараў датэрмінова стала вядома днямі.

4 чэрвеня Сабянін пасля абмеркавання з чальцамі Грамадскай палаты Масквы заявіў, што мае намер удзельнічаць у датэрміновых выбарах кіраўніка горада. Мяркуецца, што выбары могуць быць прызначаныя на Адзіны дзень галасавання 8 верасня 2013 года. Як паведамлялася, Сабянін будзе вылучацца не ад «Адзінай Расеі», а як самастойны кандыдат.

Паводле апытанняў, больш за палову жыхароў Масквы падтрымліваюць правядзенне ў сталіцы наўпроставых выбараў мэра. Паводле звестак навукова-даследчага інстытута сацыяльных сістэм пры МДУ ім. М.В.Ламаносава, за наўпроставыя выбары мэра Масквы выказаліся 73% рэспандэнтаў. 18% апытаных мяркуюць, што яны не патрэбныя, 9% не здолелі адказаць.

Выбары мэра расейскай сталіцы могуць прайсці 8 верасня. Пастанова аб прызначэнні іх даты будзе прынятая да 10 чэрвеня. У выбарах возьме ўдзел адзін з лідараў расейскай апазіцыі Аляксей Навальны.

Апошнія навіны