У Мсціславе зруйнавалася сцяна 260-гадовага касцёла
- 21.12.2017, 15:59
Заклікі да міністраў выратаваць помнік не дапамаглі.
У Мсціславе абрынулася частка 260-гадовага касцёла. Заклікі да двух міністраў і грамадскасці пачаць ратаваць будынак як мага хутчэй не дапамаглі, піша tut.by.
Пра тое, што зруйнавалася частка сцяны касцёла ў Мсціславе, распавёў мянчук і ўраджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч. Ён апублікаваў відэа, якое атрымалася даволі эмацыйным.
Актывіст двойчы звяртаўся да міністраў культуры - былога і цяперашняга - Барыса Святлова і Юрыя Бондара - з просьбай выратаваць будынак рэдкай прыгажосці і архітэктуры.
Пасля відэазвароту да Святлова Дзянісу прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко аб тым, што выдаткаваць сродкі з рэспубліканскага бюджэту на «прыгаданую гісторыка-культурную каштоўнасць не ўяўляецца магчымым».
У адказе таксама паказалі, што ў чэрвені 2017 года Міністэрства культуры «прапанавала Мсціслаўскаму райвыканкаму прапрацаваць з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці пытанне і ўжыць захады для прыцягнення рэсурсаў грамадскіх і камерцыйных арганізацый, спонсараў, інвестараў [...] для стварэння ўмоў у забеспячэнні захаванасці аб'екта спадчыны, у тым ліку і для распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі».
У мсціслаўскіх уладаў грошай на рэканструкцыю касцёла тым больш не знайшлося. Толькі праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі касцёла каштуе 100 тысяч рублёў. І сума гэтая прыблізная.
Так езуіцкі касцёл выглядаў знутры два месяцы таму, калі па будынку пайшлі новыя расколіны.
Калона і аркі са зводам, якія яна трымала, абрынуліся праз адсутнасць даху. І вось праз два месяцы зруйнавалася частка сцяны.
- Пасля абрынання на месца выязджалі нашы спецыялісты-будаўнікі, супрацоўнікі МНС, каб пераканацца ў тым, што няма небяспекі людзям, - распавёў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў.
З ягоных слоў, доступ у будынак закрыты, ёсць агароджа, каб да яго не набліжаліся людзі. Цяпер чыноўнікі вызначаюць, што рабіць далей. Але гаворкі аб рэканструкцыі будынка па-ранейшаму не ідзе, падкрэсліў Ігар Мельнікаў. Для раённага бюджэту гэта проста непад'ёмная сума.
З моманту першага відэазвароту з просьбай пачаць ратаваць касцёл прайшло 5 месяцаў. Відавочна, сумны прагноз Касцюкевіча пра тое, што праз год ратаваць ужо не будзе чаго, пачынае спраўджвацца.