Актывіста з Берасця замест суда даставілі з ізалятара ў лякарню
- 8.10.2018, 15:19
Канстанцін Астапук - актыўны ўдзельнік пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці.
Удзельніка пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці Канстанціна Астапука даставілі ў чыгуначны шпіталь Берасця, паведамляе «Радыё Свабода».
З пятніцы Канстанцін Астапук знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання пасля таго, як быў затрыманы за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».
8 кастрычніку яго павінны былі судзіць, аднак замест суда адвезлі ў лякарню.
«Кладуць мяне ў лякарню, бо пасля ізалятара баліць жывот. Два дні ў ізалятар да мяне прыязджала «хуткая» - было дрэнна. Павінны былі везці ў суд, але перадумалі, суд будзе паслязаўтра. Абвінавачваюць мяне і ў тым, што выступіў на ўсіх каналах супраць намесніка начальніка Ленінскага РАУС Мікалая Самасюка. Думаю, будуць помсціць, што я распавёў пра размову з ім», - кажа Канстанцін Астапук.
Пра «прафілактычную гутарку» з Мікалаем Самасюком Канстанцін Астапук распавядаў прэсе 1 кастрычніка, пасля таго, як быў перанесены першы суд над ім і блогерам Сяргеем Пятрухіным за выхад на плошчу 30 верасня. Астапук кажа, што міліцэйскі начальнік яму пагражаў турмой.
Суд над Кастусём Астапуком за «непадпарадкаванне міліцыі» падчас затрымання на акцыі 30 верасня прызначаны на 10 кастрычніка на 9:30.
Сёння чакаюцца яшчэ суды над трыма пратэстоўцамі супраць акумулятарнага завода ў Берасці.