Пратэстоўцы ў Берасці дамагліся сустрэчы з міністрам прыроды
- 25.11.2018, 12:10
Перамовы прызначаныя на 5 снежня.
Міністр прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык запрасіў праціўнікаў будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода «АйПаўэр» на асабісты прыём. Такую прапанову ён зрабіў Дзмітрыю Бекалюку і Дзям'яну Лепясевічу раніцай 24 лістапада падчас правядзення жывой тэлефоннай лініі, на якую патэлефанавалі актывісты, піша «Брестская газета».
«Я вывучаю ўсе тыя матэрыялы, якія вы дасылаеце, мы даем адказы, як вы іх называеце адпіскамі. Усё ж, напэўна, надышоў час сустрэцца, назапасілася шмат матэрыялаў. Пастарацца яшчэ раз пагутарыць, разабрацца і, калі магчыма, паставіць кропкі, а калі не - то развязаць пытанні, вядома», - сказаў міністр.
З ягоных слоў, на сустрэчу ён збярэ спецыялістаў, якія будуць гатовыя адкрыта і прафесійна адказваць на усе пытанні.
«Калі сапраўды мы ўбачым, што напраўду ёсць нейкія моманты не ўлічаныя ці парушэнні і г. д., я, як і мінулым разам, абяцаю, што мы будзем з гэтым працаваць у рамках нашага заканадаўства», - адзначыў Андрэй Худык.
Дзям'ян Лепясевіч у сваю чаргу папрасіў міністра запрасіць на гэтую сустрэчу распрацоўшчыкаў праектнай дакументацыі акумулятарнага завода «АйПаўэр». Ён пагадзіўся.
Як ужо паведамлялася, праект акумулятарнага завода паступіў у Мінпрыроды на паўторную экалагічную экспэртызу.
Сустрэча прызначаная на 5 снежня.
Нагадаем, Дзмітрый Бекалюк і Дзям'ян Лепясевіч ужо сустракаліся з міністрам Андрэем Худыкам. У канцы студзеня гэтага года яны ездзілі да яго на прыём у горад Дзятлава Гарадзенскай вобласці, каб задаць пытанні наконт завода АКБ. Тады ён паабяцаў ва ўсім разабрацца.
Аднак праз некалькі месяцаў ініцыятыўная група атрымала адказ за подпісам міністра, у якім Худык падзякаваў грамадзянам за неабыякавае стаўленне да пытанняў экалогіі і паведаміў, што органы дзяржкіравання зробяць усё, каб не было парушэнняў заканадаўства пры будаўніцтве і эксплуатацыі акумулятарнага завода.
Нагадаем, з пачатку года ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПаўэр». Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.
З 5 сакавіка кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ім дазволілі сабрацца і пратэставаць - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў амаль 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.
Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец гэтага года. Паводле апошніх звестак, першая партыя акумулятараў будзе выпушчаная ў пачатку новага года. Магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў на год, а пасля будзе павялічаная ўдвая.