Больш за 200 супраціўнікаў акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы ў Берасці
- 23.12.2018, 18:44
Берасцейцы ўжо год вядуць барацьбу за чыстае паветра.
На плошчы Леніна ў Берасці 23 снежня зноў сабраліся супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут штонядзелі з 25 лютага, перадае «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.
А 12.30 на плошчы, паводле звестак праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, знаходзілася 220 чалавек, якія абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
А 11:30 на сцэне, размешчанай на плошчы, пачаўся конкурс навагодніх віншаванняў школ Ленінскага раёна. Таму супраціўнікі будаўніцтва завода, якія спачатку сабраліся ў цэнтры плошчы, перасунуліся на яе ўскрай, да помніка Леніну. Яны патлумачылі, што не жадаюць быць масоўкай на школьным свяце.
Адзін з апанентаў будаўніцтва прыйшоў на плошчу ў роставай ляльцы ваўка. Ён раздаваў дзецям балонікі і цукеркі, фатаграфаваўся з імі. Міліцыя яго не затрымала.
У гэтай сувязі людзі нагадалі, што 11 лістапада на плошчы быў затрыманы супраціўнік будаўніцтва завода ў роставай ляльцы ліса. У яго канфіскавалі строй, які дагэтуль не вярнулі.
Сабраныя абмеркавалі планы правядзення мясцовага рэферэндуму супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 21 снежня ў Берасцейскі райвыканкам была пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для правядзення мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва.
Удзельнікі сённяшняй сустрэчы выказалі надзею, што ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная. Жыхар Берасця Анатоль адзначыў, што калі група не будзе зарэгістраваная, гэта можна будзе разглядаць як «поўнае беззаконне».
Удзельнікі сустрэчы таксама ўпэўненыя, што супраць завода падчас рэферэндуму, калі ён адбудзецца, прагаласуе абсалютная большасць мясцовых жыхароў.
Як мяркуе жыхарка Берасцейскага раёна Таццяна, гэты рэферэндум дазволіць мясцовай уладзе «годна выйсці з гэтай сітуацыі».