BE RU EN

Ангела Мэркель: Адказнасць за канцлагеры ляжыць на Нямеччыне

  • 10.02.2018, 21:30

Кожны новы ўрад Нямеччыны будзе працягваць гэтую адказнасць несці.

Канцлерка ФРГ Ангела Мэркель заявіла, што гэта Нямеччына нясе адказнасць за ўсё, што адбылося падчас Халакосту ў часы нацыянал-сацыялізму. У інтэрв'ю, апублікаваным на сайце ўрада, канцлерка Нямеччыны пракаментавала польскі Закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці. Пра гэта паведамляе «Радыё Польшча».

Са слоў Ангелы Мэркель, яна не мае права «ўмешвацца ў заканадаўства Польшчы», але ўважае, што адказнасць за Халакост ляжыць на яе краіне.

«Гэта былі канцлагеры, адказнасць за якія нясе Нямеччына, гэтая адказнасць захоўваецца, і кожны новы ўрад Нямеччыны будзе працягваць гэтую адказнасць несці», - сказала канцлерка Нямеччыны.

Ангела Мэркель таксама пракаментавала будучы візіт прэм'ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага ў Нямеччыну, які адбудзецца на наступным тыдні. Канцлерка ФРГ падкрэсліла, што Польшча і Нямеччына стварылі «стабільнае партнёрства», нягледзячы на рознагалоссі, якія ўзнікалі.

Ангела Мэркель таксама выказала надзею, што сустрэча з прэм'ер-міністрам Польшчы пакладзе пачатак «новаму раздзелу» супрацоўніцтва паміж абедзвюма краінамі.

Апошнія навіны