BE RU EN

Глыбоцкія ўлады згубілі 400 метраў дарогі

  • 11.02.2018, 21:11

Адказнасць за дарожны недахоп ніхто браць на сябе ня хоча.

Ні праехаць, ні прайсці – і вінаваты ў гэтым немалы адцінак шашы Полацк – Вільня. Пры рамонце часткі старой дарогі паміж горадам Глыбокае і вёскай Зарубіна, што на Віцебшчыне, пакінулі недароблены адцінак. Пры гэтым ніхто не бярэ на сябе адказнасць за недаробку. Мы выехалі на месца, каб даведацца прычыны такой безгаспадарлівасці.

«Белсат» выехаў на месца, каб даведацца прычыны такой безгаспадарчасці.

Год таму глыбоцкія ўлады нарэшце ўзяліся за аднаўленне гэтай неабходнай для функцыянавання дарогі: замест жвіру паклалі асфальт. Рамонтныя працы напоўнілі аптымізмам мясцовых жыхароў, але ненадоўга. Як высветлілася, адцінак дарогі працягласцю 400 метраў ад знаку гораду Глыбокае і да чыгуначнага пераезду так і застаўся неадрамантаваны.

«Там на кані не можна праехаць, не тое што на аўтамабілі, а чыноўнікам добра, ім добра ў цёплых кабінетах, на новых самаходах ездзіць. А мы на сваіх, са сваёй кішэні, з няшчаснай пенсіі трэба купляць запцацкі», – кажа мясцовы жыхар.

Праблема ў тым, што гэты адцінак дарогі абслугоўваецца не дарожнаю службаю, а глыбоцкімі камунальнікамі. А тыя, вядома, спасылаюцца на брак грошай, каб скончыць працы. Але зусім нядаўна дарога была яшчэ ў даволі добрым стане. На думку мясцовых, спрычыніліся да гэтага вучэнні «Захад-2017». І вось, здавалася б, мінула зусім мала часу, а дарога прыйшла ў непрыдатнасць. Мы намерыліся дазнацца ў намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэту: калі ж плануецца рамонт дарогі?

«Думкі такія ёсць, але ўсё залежыць ад фінансавання, будзе фінансаванне – пакладзём. Даўно хацелася там гэты кавалак пакласці», – тлумачыць намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Алег Варша.

Апошнія навіны