Беларусы з ідэяй для стартапу змогуць пераехаць у Фінляндыю
- 21.02.2018, 16:54
Улады Фінляндыі пачнуць выдаваць дазвол на жыхарства людзям з ідэяй для стартапу.
Фінскія ўлады пачнуць выдаваць дазвол на жыхарства грамадзянам не з ЕЗ, калі яны прапануюць якасную ідэю для стварэння кампаніі. Пра гэта піша Yle.
Праграма стартуе ў пачатку красавіка, праводзіць яе будзе арганізацыя Business Finland.
«Спадзяюся, што ў нас будзе 50-100 груп замежнікаў, каб распрацаваць мадэль дзейнай арганізацыі. Спадзяемся таксама, што сярод ахвотных атрымаць стартап-дазвол на жыхарства шмат тых, хто вучацца тут і хочуць застацца», - кажа Юка Хяюрунэн з Business Finland.
З апісання праграмы незразумела, ці абавязаныя ўдзельнікі запускаць бізнэс у Фінляндыі пасля ўхвалення дазволу на жыхарства. Вядома, што Business Finland будзе ацэньваць перспектывы стартапу як у Фінляндыі, так і на сусветным рынку.
«У нас існуе дэфіцыт імігрантаў для стварэння паспяховых інавацыйных кампаній. Яны валодаюць навыкамі, якіх немагчыма атрымаць у Фінляндыі. З Афрыкі, Індыі, Далёкага Усходу ці Паўднёвай Амерыкі, дзе рынкі вельмі вялікія», - дадаў Хяюрунэн.
Business Finland была створаная ў пачатку 2018 гадоў у выніку зліцця фінскага дзяржаўнага агенцтва Tekes і кампаніі Finpro. Арганізацыя займаецца аналізам стартапаў для выдачы дзяржаўнага фінансавання.