У Каталоніі адмовіліся галасаваць за незалежнасць рэгіёна
- 1.03.2018, 21:31
Парламент Каталоніі не стаў пацвярджаць абвяшчэнне незалежнасці 27 кастрычніка.
У парламенце Каталоніі прагаласавалі за рэзалюцыю, дзе асуджаюць незаконнае адхіленне Карлеса Пучдэмона з пасады кіраўніка ўрада аўтаноміі. Але паўторна пацвярджаць абвяшчэнне незалежнасці 27 кастрычніка не сталі, паведамляе segodnya.ua.
За дакумент прагаласавалі 68 дэпутатаў, супраць былі 8.
Партыі, якія выступаюць супраць незалежнасці Каталоніі, адмовіліся галасаваць за рэзалюцыю ў знак пратэсту.
У тэксце дакумента ўтрымліваецца адабрэнне рэферэндуму 1 кастрычніка 2017 года. Рэзалюцыя «сцвярджае, што выбары 21 снежня пацвердзілі той факт, што большасць падтрымлівае сілы, якія выступаюць за незалежнасць у форме рэспублікі».
Акрамя гэтага парламент Каталоніі заклікаў улады Гішпаніі спыніць умешвацца ў дзейнасць органаў Каталоніі і перашкаджаць рэалізацыі жадання грамадзян, выяўленага на рэферэндуме.
Тым не менш, парламент Каталоніі не стаў уключаць у рэзалюцыю папраўку партыі CUP, паводле якой новы парламент пацвярджае абвяшчэнне незалежнасці Каталоніі 27 кастрычніка.