BE RU EN

Берасцейцы працягваюць дамагацца скасавання будаўніцтва акумулятарнага завода

  • 12.03.2018, 20:36

Берасцейскі абласны суд разгледзеў прыватную скаргу ў рамках грамадзянскага пазову да «АйПауэру».

Берасцейскі абласны суд сёння, 12 сакавіка, разгледзеў прыватную скаргу ў грамадзянскай справе паводле пазову да ТАА «АйПауэр» і пастанавіў пакінуць вызначэнне суда Маскоўскага раёна г. Берасця ад 7 лютага ў дзеянні, піша «Брестская газета».

Згодна з ім, будаўніцтва акумулятарнага завода ў СЭЗ «Берасце» не будзе прыпыняцца на час разгляду справы судом.

ПЕРАД ПАЧАТКАМ ПАСЯДЖЭННЯ
ФОТА: ЛЮДМІЛА СЕЛЕХ

Падчас пасяджэння пазоўнікі падтрымалі сваю скаргу і звярнулі ўвагу на грамадскі рэзананс, які выклікала ў Берасці і ваколіцах будаўніцтва завода АКБ.

Прадстаўнікі адказчыка заявілі, што згодныя з вызначэннем суда першай інстанцыі. Акрамя таго, яны звярнулі ўвагу на тое, што прыпыніць будоўлю можна на любым этапе, а задавальненне хадайніцтва пазоўнікаў прычыніць шкоду прадпрыемству. Будаўніцтва завода вядзецца на падставе інвестыцыйнай дамовы, укладзенай з Берасцейскім аблвыканкамам, і парушэнне ўсталяваных тэрмінаў цягне сур'ёзную дадатковую падатковую нагрузку.

«У выпадку, калі высокі суд прыйдзе да высновы пра неабходнасць задавальнення хадайніцтва пазоўнікаў, просім запатрабаваць ад пазоўнікаў падачы забеспячэння магчымых для адказчыка страт у суме 861 754 рублі 64 капейкі шляхам унясення гэтых грашовых сродкаў на дэпазітны рахунак суда», - падчас разгляду скаргі заявіла прадстаўніца «АйПауэра».

ЖЫХАРЫ, ЯКІЯ ПРЫЙШЛІ НА СУД, УВАХОДЗЯЦЬ У ЗАЛЮ ПАСЕДЖАННЯЎ
ФОТА: ЛЮДМІЛА СЕЛЕХ

Перш чым выйсці ў дарадчы пакой, суд пацікавіўся ў пазоўнікаў, ці гатовыя яны ў выпадку задавальнення іх хадайніцтва прыпынення дзейнасці ў будаўніцтве акумулятарнага завода ўнесці ўказаную суму на дэпазіт. Пазоўнік Дзмітрый Бекалюк заявіў, што гатовы ўнесці грошы, толькі калі «АйПауэр» падасць дэталёвае абгрунтаванне запытанай сумы і да яго не будзе ніякіх заўваг. На яго думку, шкода ад прастою арандаванай тэхнікі з 12 да 21 сакавіка, на якую спасылалася прадстаўніца завода, і прыпыненне работ мантажу даху будынкаў не могуць выліцца ў такія выдаткі.

Нагадаем, у канцы студзеня некалькі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва ў СЭЗ акумулятарнага завода звярнуліся ў суд Маскоўскага раёна г. Берасця з позвай аб поўным прыпыненні гаспадарчай дзейнасці ТАА «Айпауэр». У пазове яны заяўляюць, што, на іх думку, будаўніцтва завода АКБ вядзецца з парушэннямі і яго прыпыненне патрэбнае для аднаўлення законнасці.

Суд адмовіў у прыняцці захадаў у забеспячэнні пазову са спасылкай на тое, што ў хадайніцтве не пазначана, якім менавіта чынам мера, што запрошваецца, забяспечыць выкананне пастановы суда.

Пазоўнікі з высновай суда не пагадзіліся і 13 лютага падалі прыватную скаргу, якая і была разгледжаная 12 сакавіка. Па сутнасці грамадзянскі пазоў да «АйПауэру» будзе разгледжаны 21 сакавіка. Берасцейскі райвыканкам, які раней удзельнічаў у справе ў якасці трэцяй асобы на баку адказчыка, выступіць на ім у якасці суадказніка.

Апошнія навіны