BE RU EN

Алеся Садоўская: Прыцягнем да адказнасці чыноўнікаў аж да міністэрстваў

  • 16.03.2018, 10:16

Актывістка з Маладзечна прадаўжае весці барацьбу з самаўпраўнасцю ўладаў.

75 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды патрабуе Алеся Садоўская, сябра прафзвязу РЭП, ад Маладзечанскага аддзела адукацыі, раённай лякарні і выканкама за тое, што на падставе ілжывага дыягназу Алесі Садоўскай яе дачцэ прысвоілі статус «пакінутай без апекі бацькоў».

23 сакавіка суд Маладзечанскага раёна разгледзіць пазоў Алесі Садоўскай аб кампенсацыі шкоды, прычыненай органамі ўлады ў суме 75000 беларускіх рублёў. Адказчыкамі выступаюць Міністэрства фінансаў, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі і Цэнтральная раённая лякарня, піша praca-by.info.

Падзеі адбыліся ў 2015 годзе, аднак больш за два гады спатрэбілася, каб прызнаць іх парушэннямі. Да цяперашняга часу ніхто з вінаватых чыноўнікаў нават не папрасіў прабачэння. Больш за тое: нікога нават не прыцягнулі да адказнасці.

Цэнтральная раённая лякарня, згодна з прэтэнзіямі пазову, нядбала паставілася да выканання права Алесі Садоўскай на неразгалошванне медычнай таямніцы. І выдала інфармацыю аб яе дыягназе Маладзечанскаму аддзелу адукацыі - дакладней, начальніцы І.Ф. Драпезе: асобе, не ўпаўнаважанай атрымліваць інфармацыю аб тых крытэрах, якія аддзел адукацыі ўказаў у запыце ў шпіталь: «З мэтай развязання пытання аб выкананні бацькоўскіх абавязкаў маці». І, атрымаўшы адказ з лякарні, аддзел адукацыі гвалтоўна разлучыў маці і дачку на цэлых восем месяцаў. Акрамя таго, загадчык Маладзечанскага псіханеўралагічнага дыспансера выдаў гэтую ж інфармацыю ў інтэрв'ю СМІ (прэтэнзіяў да «Радыё свабода» ў Алесі Садоўскай няма).

Начальніца адукацыі І.Ф. Драпеза, якая не з’яўляецца спецыялісткай у галіне псіхіятрыі, абапіралася выключна на сваю асабістую суб'ектыўную ацэнку і зрабіла высновы пра магчымую небяспеку маці Алесі Садоўскай для сваёй дачкі. Чыноўніца праз ілжывае ўяўленне аб сваіх паўнамоцтвах накіравала ў лякарню запыт пра Алесю Садоўскую - як пра абавязаную асобу, якой жанчына ніколі не з'яўлялася. У сацыяльна небяспечным становішчы яе сям'я ніколі не знаходзілася. Атрымаўшы адказ з лякарні, І.Ф. Драпеза перадала ў выканкам заяву, куды ўклала незаконна здабытую інфармацыю аб наяўнасці захворвання ў Садоўскай.

Выканкам законнасць гэтых высноў не праверыў і праз сваю халатнасць пры жывой маці прысвоіў дзіцяці статус «пакінутай без апекі бацькоў».

Мабыць, заручыўшыся падтрымкай выканкама, начальніца аддзела адукацыі праз грамадзянскі пазоў у судовым парадку арганізавала адабранне дзіцяці ў Алесі Садоўскай. Дзяўчынка восем месяцаў жыла ў прыёмнай сям'і.

5 сакавіка адбылося папярэдняе паседжанне.

Пасля суда Алеся Садоўская падзялілася сваімі ўражаннямі:

- Уразіла тое, што лякарня і аддзел адукацыі выкарыстоўвалі пералік захворванняў, пры якіх бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі, не паводле яго наўпроставага прызначэння - для кампенсацыі страт, прычыненых абавязанымі асобамі, - а каб адбіраць дзяцей з сям'і. Літаральна пару гадоў таму органы апекі Маладзечна ўжо прайгралі суд за такую пазіцыю, і Міністэрства аховы здароўя дало тлумачэнні. Але беспакаранасць вінаватых у наяўнасці. Як бачым, маладзечанскія чыноўнікі не засвоілі той урок. Таму абмяркоўваецца пытанне аб выстаўленні суду дадатковых патрабаванняў і прыцягненні дадатковых адказчыкаў з кантрольных інстанцый аж да міністэрстваў за бяздзейнасць, выкарыстанне неэфектыўных захадаў рэагавання і стварэнне ўмоў для дапушчэння паўтарэння ўжо вядомых парушэнняў. Больш дадаць няма чаго, бо бараніць маю пазіцыю ў судзе будуць прадстаўнікі, магчыма, не адной грамадскай арганізацыі.

Апошнія навіны