BE RU EN

Горш за вайну: Расейскаму рублю прадраклі неймавернае падзенне

  • 11.04.2018, 21:50

Аналітыкі не вераць у хуткае аднаўленне валютнага курсу.

Тое, што адбываецца цяпер з рублём і фондавым рынкам, называюць «крутым піке». Пачаўшы падзенне ў «чорны панядзелак», да сярэдзіны тыдня еўра прабіў псіхалагічную адзнаку 80 рублёў, а даляр няўмольна набліжаецца да 65 рублёў, піша «Московский комсомолец». На 12 красавіка Банк Расеі ўстанавіў курс 64,06 рубля за даляр (на 1,7 рубля вышэй, чым на дзень раней). Еўрапейскай валюце дадалі 2,5 рубля: яе курс усталяваны на адзнацы 79,2. Як доўга «драўлянаму» боўтацца ў мёртвай пятлі і ці зможа ён вярнуцца да адзнак тыднёвай даўнасці?

Новыя амерыканскія санкцыі апынуліся далёка не бяскрыўднымі: фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да буйнога расейскага бізнэсу абрынулі рынак акцый, які пацягнуў уніз і рубель. Зрэшты, паніка на рынках выклікана збольшага эмацыйным фактарам, мяркуюць аналітыкі. Пра тое ж кажа і прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Інвестары дзейнічаюць пад уплывам негатыўнага навінавага фону, а алівы ў агонь падлівае эскалацыя канфлікту ў Сірыі і вайсковыя пагрозы ЗША ў дачыненні да нашай краіны. Усё гэта гуляе супраць шматпакутнага «драўлянага».

«Улічваючы, што прэзідэнт ЗША заклікаў Расею рыхтавацца да ракетных удараў у Сірыі, чакаць аднаўлення курса рубля давядзецца яшчэ доўга. З аднаго боку, адкрытая канфрантацыя паміж краінамі здаецца малаімавернай, але з іншага - у свой час і перамога Трампа здавалася фантастыкай. Удзельнікі рынка будуць чуйна рэагаваць на любыя словы амерыканскага лідара, а ён, мяркуючы па ўсім, яшчэ не хутка будзе гатовы перайсці да больш мяккай рыторыкі», - мяркуе аналітык сацыяльнай сеткі для інвестараў eToro ў Расеі і СНД Міхаіл Машчанка. Яго прагноз валютнага курсу на найбліжэйшы час - 66 рублёў за даляр, прычым далейшае падзенне магчымае ў выпадку, калі ўрады заходніх краін не спыняць сыпаць пагрозамі. На яго думку, нават пры мірным развязанні сітуацыі сур'ёзнага аднаўлення курсу ў агляднай будучыні чакаць не выпадае: інвестарам спатрэбіцца значны час, каб аднавіць баланс. «Нават курс 63 рублі за даляр здаецца проста неверагодным шанцаваннем, асабліва ўлічваючы магчымыя санкцыі супраць расейскай дзяржаўнай запазычанасці», - дадаў аналітык.

Імаверная мэта падзення для расейскай валюты, якая знаходзіцца пад ціскам, - мінімум 66 за даляр і 83 за еўра, згаджаецца Марыя Сальнікава, вядучы аналітык ТАА «Эксперт плюс». У той жа час экспэртка мяркуе, што вяртанне кошту наяўнага даляра да ўзроўняў 57-58 рублёў магчымы, але толькі пры падтрымцы росту кошту нафты, а таксама стабілізацыі палітычнага становішча краіны. Аднак усе рызыкі наўрад ці сыдуць да канца II квартала года.

«Гэта значыць разлічваць на рост рубля не варта, але і закупляцца ўжо дарагімі цяпер далярамі і еўра - таксама справа няўдзячная, - мяркуе Сальнікава, - Па-першае, акрамя высокага кошту замежнай валюты ў абменных пунктах будзе вялікі спрэд (розніца паміж цаной пакупкі і продажу), а гэта значыць, што калі ў чалавека няма досведу валютных спекуляцый, то панічная скупка даляраў і еўраў наўрад ці будзе выгаднай. Па-другое, істэрычнае набыццё валюты павінна мець выразныя арыенціры і мэты па ўзроўнях, на якіх варта праводзіць зваротнае канвертаванне».

Рынкі замерлі ў чаканні высвятлення сітуацыі ў Сірыі, працягвае геапалітычную тэму вядучы аналітык Forex Optimum Іван Капусцянскі. «Ад эканамічных санкцый фокус увагі інвестараў ссунуўся ў бок геапалітыкі і цяпер усе задаюцца пытаннем: ці правядзе ЗША масіраваную атаку на тэрыторыі Сірыі і як на гэта адкажа Расея, - кажа фінансіст, - У выпадку, калі нават РФ не адкажа на вайсковыя ўдары заходняй кааліцыі, Захад працягне ціск эканамічнымі санкцыямі. Такім чынам, рубель будзе падаць, спрабуючы намацаць дно, да таго часу, пакуль не вырашыцца пытанне з вайсковым ударам па Сірыі».

На думку аналітыка, шанцы для ўмацавання рубля ёсць толькі ў тым выпадку, калі паніка на рынках аціхне, а геапалітыка адыдзе на другі план. «У адваротным выпадку распродажы айчыннай валюты могуць абрынуць яе да 70 за даляр, але гэты сцэнар мае на ўвазе паніку на рынку. Найбольш імаверны сцэнар - валютная пара на доўгі час застанецца ў дыяпазоне коштаў 61-66,4 рублёў за даляр», - такі несуцяшальны прагноз.

Апошнія навіны