BE RU EN

Беларусы збіраюць подпісы за ўстаноўку мемарыяльнай дошкі Палуце Бадуновай

  • 6.04.2018, 18:57

Мемарыяльную дошку першай беларускай міністарцы хочуць усталяваць у Гомелі.

24 сакавіка адбылася гістарычная вечарына ў гонар 100-годдзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспубліцы (БНР). Экспэрты распавялі пра асаблівасці беларускага нацыянальнага руху на Гомельшчыне і адзначылі ролю зямлячкі Пелагеі Аляксандраўны Бадуновай (Палуты Бадуновай). Ініцыятары сустрэчы ўстановы «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ» і гомельскае аддзяленне «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» выступілі з прапановай усталяваць мемарыяльную дошку першай беларускай міністарцы, намесніцы старшыні Народнай Рады БНР, паведамляюць «Сильные новости».

Алеся Аўласевіч, кіраўнік Гомельскай арганізацыі ТБМ адзначае, што ўстаноўка дошкі справа правільная і важная:

«На хвалі святкавання стагоддзя БНР зноў паўсталі важныя для гамельчукоў пытанні, а шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, сабралі розныя пакаленні разам. Мы хочам ушанавання памяці выбітных дзеячоў, якія маюць дачыненне да Беларусі, да нашага горада».

Палута Бадунова паўплывала на станаўленне і незалежнасць Беларусі. У 1918 годзе яна была адной з лідарак Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая адмовілася ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі Нямецкай імперыі.

Зварот, са слоў грамадскіх актывістак, будзе адпраўлены ў Гомельскі гарвыканкам:

«Не было б БНР, не было б БССР і незалежнай Рэспублікі Беларусь. І гэта прызнаецца не толькі намі. Менскі гарвыканкам усталяваў памятны знак у парку Янкі Купалы ў гонар заснавальнікаў БНР Антона і Івана Луцкевічаў. Мы ж спадзяёмся, што гомельскія ўлады падтрымаюць ініцыятыву і адзначаць ролю нашай зямлячкі», - кажа Яна Усціненка, каардынатарка праекта «Гарадскія сходы ГДФ».

Падпісаць петыцыю можна тут да 18 красавіка.

Апошнія навіны