Актывісты прымусілі чыноўнікаў дзейнічаць
- 19.05.2018, 21:54
Жыхары пасёлка пад Івацэвічамі не будуць больш дыхаць адкідамі акумулятарнай вытворчасці.
Шкодныя рэчывы акумулятарнай вытворчасці вывезуць з тэрыторыі Зялёнага Бора, што ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Адкіды свінцовай вытворчасці ўжо больш за два гады ляжаць наўпрост на прамысловай пляцоўцы пасярод лесу.
Як апавяла «Радыё Рацыя» Кацярына Чорная, экалагічная актывістка і прадстаўніца ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва завода акумулятараў пад Брэстам:
– Усім чыноўнікам трэба паехаць у Зялёны Бор, пастаяць побач з гэтымі адкідамі прынамсі 10 хвілінаў і паглядзець, што з імі будзе пасля. Гэта цяжкі стан, гэта пазывы да ванітаў, слёзы. Там немагчыма знаходзіцца, там блізу 700 жыхароў, якія гэтым дыхаюць.
2 траўня 2018 года адбылася сустрэча мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, адказнымі за тэрыторыю ў Зялёным Бары, дзе знаходзяцца адкіды. Таксама былі пададзеныя шматлікія скаргі ў кантралявальныя інстанцыі Беларусі, тэма была паднятая ў СМІ, актывісты правялі акцыі і неўзабаве ўлады прынялі пастанову прыбраць адкіды.
«За чый рахунак, куды і ў якія тэрміны – пакуль невядома», – адзначылі эколагі і запэўнілі, што пракантралююць гэтае пытанне. Адкіды належалі перапрацоўчай кампаніі «Біт Сплаў», яна ўваходзіць у групу кампаній «ПАК», што будуюць акумулятарны завод пад Брэстам, супраць якога выказаліся ўжо блізу 40 000 чалавек.