Рада БНК: Патрабуем неадкладна спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем
- 15.06.2018, 18:39
Размяшчэнне незаконных шкодных вытворчасцяў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае.
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выступае ў падтрымку дзясяткаў тысяч берасцейцаў, якія ўжо некалькі месяцаў патрабуюць спынення будаўніцтва небяспечнага для навакольнага асяроддзя завода акумулятарных батарэй, які ўзводзіць кітайская фірма для кампаніі iPower усяго за 7 кіламетраў ад горада, паведамляе сайт БНК bnknews.org.
- У выніку незалежных праверак і даследаванняў, праведзеных актывістамі кампаніі супраць завода, выявіліся шматлікія парушэнні ў працэдуры дазволу мясцовых уладаў на будаўніцтва гэтага аб'екта, - гаворыцца ў заяве Рады БНК, прынятай 13 чэрвеня. - Таксама была абгрунтаваная шкоднасць працэсу вытворчасці завода АКБ для навакольнага асяроддзя і жыхароў найбліжэйшых вёсак і самога Берасця. Былі выкрытыя факты парушэння экалагічных нормаў і негатыўнага ўздзеяння на здароўе людзей ужо існуючымі заводамі АКБ кампаніі iPower у Белаазёрску і Пінску.
У сувязі з гэтым Рада БНК патрабуе:
1. Неадкладнага спынення будаўніцтва завода АКБ iPower пад Берасцем.
2. Стварэнне незалежнай камісіі з удзелам незалежных экалагічных экспэртаў, мясцовых жыхароў, актывістаў, прадстаўнікоў СМІ, якія бралі ўдзел у кампаніі супраць будаўніцтва завода АКБ з мэтай усебаковага абмеркавання ўсіх аспектаў мэтазгоднасці будаўніцтва гэтага аб'екта.
3. Незалежнай праверкі ўсіх аб'ектаў iPower на тэрыторыі Беларусі, як ужо пабудаваных, так і якія рыхтуюцца да будавання.
4. Прыцягнення да адказнасці службовых асоб, якія, парушаючы і маніпулюючы заканадаўствам, давалі дазвол на будаўніцтва і працу заводаў кампаніі iPower.
- Спыненне будаўніцтва завода АКБ пад Берасцем будзе першым крокам у арганізацыі народнага кантролю за іншымі экалагічна шкоднымі праектамі, якія дыктатарскі рэжым размяшчае ў Беларусі ў пошуках лёгкіх грошай, - гаворыцца ў заяве.