BE RU EN

Берасцейку аштрафавалі за недастаткова «дзірчасты талон»

  • 28.08.2018, 18:17

Жыхарка Берасця распавяла незвычайную гісторыю, якая з ёй здарылася ў тралейбусе.

Сваёй гісторыяй берасцейка падзялілася з vb.by.

«Хачу падзяліцца з вамі гісторыяй, якая адбылася са мной нядаўна. А 9.30 я выйшла з тралейбуса №4 на прыпынку ЦУМ, і на выхадзе мяне заспелі кантралёры. Усіх праверылі, я выходзіла апошняй, і мой талон прызналі несапраўдным. Я не спрачаюся, прабіла я яго не зусім добра, але адбіткі ад кампосцера былі бачныя няўзброеным вокам. Кантралёр прабіла свой кантрольны лісток, але агледзець уважліва мой талон нават не мела намер. Толькі махала квіточкам і перадавала яго іншым кантралёрам. Тыя, вядома ж, ківалі галовамі ў абарону сваёй калегі. А як жа, кантралёр заўсёды мае рацыю! Пры гэтым ніхто з кантралёраў не падыходзіў да мяне блізка, наўпрост са мной не размаўляў і нават не ўглядаўся ў тыя самыя добра бачныя адбіткі. Сонца сляпіла, але адысці мне ў цень ці развярнуцца супраць сонца не давалі. Трымалі маю сумку, каб я не ўцякла. У выніку мне выпісалі штраф. Мяне гэтая сітуацыя моцна абурыла. Я запатрабавала звярнуцца ў тралейбусны парк для прагляду камеры відэаназірання ў салоне транспарту, каб давесці, што я прабівала талончык. На што мне адказалі, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Штраф я аплаціла, каб мяне адпусцілі (мне трэба было ісці, часу ў мяне было няшмат). Але не тут-то было. У мяне запатрабавалі мае звесткі (Прозвішча, імя, дату нараджэння і адрас рэгістрацыі). Мяне гэта яшчэ больш вывела з сябе. Мала таго, што я аплаціла штраф за аплачаны (!) праезд, дык яшчэ нешта патрабуюць. Вядома, давесці сваю невінаватасць я ўжо не магла. Не факт, што ў тым тралейбусе была відэакамера. Але я ведаю, што не вінаватая. Зыходзячы з гэтага інцыдэнту, разумею, якая непрадуманая і непрацоўная сістэма ў арганізацыі грамадскага транспарту і кантролю. Атрымліваецца, што і законапаслухмяны пасажыр не заўсёды можа абараніць сябе. Напрыклад, у суседняй Польшчы кампосцеры электронныя, і там ужо сапраўды не памылішся, і пасажыр, які аплаціў праезд, заўсёды будзе абаронены. У нас, на жаль, не так».

Вось такую гісторыю распавяла берасцейка Алена. Улічваючы тое, што ў такую сітуацыю могуць патрапіць (і, напэўна, трапляюць!) іншыя пасажыры грамадскага транспарту, мы папрасілі пракаментаваць яе кіраўнікоў, якія адказваюць за гэтую сферу.

Іна Бусарова, начальніца кантрольна-рэвізорскай службы УП «Берасцегартранс»:

«У такіх спрэчных сітуацыях кантралёры абавязаны дзейнічаць паводле інструкцыі. Сапраўды, дрэнна прабіты талон можа стаць падставай для штрафу за неаплачаны праезд. Калі пасажыр выплачвае штраф на месцы, яму выдаецца квітанцыя, і тады ніякія пашпартныя звесткі ад яго не патрабуюцца. Калі ж пасажыр не згодны з дзеяннямі кантралёраў, ён мае поўнае права не выплачваць штраф і звярнуцца за тлумачэннямі ў кантрольна-рэвізорскую службу. Аднак у гэтым выпадку ў дачыненні да яго будзе складзены адміністрацыйны пратакол з указаннем асабістых звестак.

Выплаціўшы штраф на месцы, пасажырка фактычна прызнала сваю віну. І давесці тое, што яна правільна пракампасціравала талон, ужо наўрад ці магчыма. Магу таксама дадаць, што кампосцеры у гарадскіх аўтобусах і тралейбусах павінны змяняцца штодня, і перад выездам у рэйс іх абавязаны правяраць супрацоўнікі прадпрыемстваў-перавозчыкаў».

Ігар Жмінько, дырэктар КУП «Берасцейскі тралейбусны парк»:

«У гэтай сітуацыі пасажырка, хутчэй за ўсё, была няўважлівай і не пераканалася ў тым, што кампосцер зрабіў выразны адбітак на талоне, што і стала прычынай для накладання штрафу. Самі кампосцеры ў ТП праходзяць штодзённую працэдуру праверкі і замены, як таго патрабуюць правілы. Што тычыцца відэакамер, то яны ў нашых тралейбусах, нават новых, не ўстаноўленыя. Таму калі пасажырка лічыць дзеянні кантралёраў неправамернымі, яму неабходна прад'явіць пасведчанне асобы. Яго звесткі будуць занесены ў пратакол, які можна будзе аспрэчваць аж да суда».

Апошнія навіны