У Берасці высадзіліся расейскія дэсантнікі
- 29.09.2018, 17:35
Што за 137-ы полк прыехаў у Берасце.
На палігоне Берасцейскі - менш чым у 6 км ад Польшчы - 29 верасня пачаліся тактычныя вучэнні беларускай 38-й дэсантна-штурмавой брыгады і расейскага парашутна-дэсантнага палка, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на Міністэрства абароны Беларусі.
«Задуманымі вучэннямі прадугледжаная адпрацоўка вучэбна-баявых задач падчас вядзення супольных спецыяльных дзеянняў падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і паветрана-дэсантных войскаў у пошуку, блакаванні і знішчэнні незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-выведвальных груп умоўнага праціўніка ў мэтах стабілізацыі становішча ў прызначанай зоне адказнасці», - апісвае вучэнні Мінабароны.
Актыўная фаза вучэнняў пройдзе 1-5 кастрычніка ў 6 раёнах Берасцейскай вобласці з удзелам да 1500 вайскоўцаў і 200 адзінак узбраенняў і тэхнікі, да 10 адзінак авіяцыі. Вучыцца будуць дзеянням у цёмны час у варунках «складанай радыёэлектроннай абстаноўкі», засвойваць новыя станцыі радыёэлектроннай барацьбы, вучыцца дэсантавацца з новай парашутнай сістэмай, правяраць боегатоўнасць БТР і мінамётаў.
137-ы парашутна-дэсантны полк 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў Расеі, які прыехаў у Беларусь, вядомы, перш за ўсё, тым, як у 1990 годзе ўдзельнічаў у «крывавым студзені» ў азербайджанскай Баку - падаўленні антысавецкіх і антыармянских пратэстаў, у якім былі забітыя 137 чалавек. Тады 106-й дывізіяй камандаваў вядомы ў Расеі генерал Аляксандр Лебедзь.
106-я дывізія таксама ўдзельнічала ў абедзвюх Чачэнскіх войнах.
137-ы полк, сцвярджае Informnapalm, удзельнічаў у расейскай агрэсіі на ўкраінскім Данбасе.