Сайдзік растлумачыў, як менавіта ў Менску зацвердзілі «формулу Штайнмаера»
- 1.10.2019, 21:10
«Формула Штайнмаера» замацаваная не ў выглядзе аднаго дакумента, а лістамі ад удзельнікаў ТКГ.
Удзельнікі трохбаковай кантактнай групы ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе ў Менску замацавалі формулу Штайнмаера не адзіным дакументам. Пра гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік, піша Интерфакс.
«Па рэкамендацыі палітычных дарадцаў нармандскай чацвёркі ад 11 верасня сёння сябры Трохбаковай кантактнай групы, а таксама прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей лістамі ў мой адрас пацвердзілі тэкст формулы Штайнмаера, - растлумачыў Сайдзік.
І ўдакладніў, што пад кожным лістом стаяць подпісы аўтараў. Адказваючы на пытанне, ці не ці стаяць подпісы ўсіх удзельнікаў кантактнай групы пад адзіным тэкстам, Сайдзік растлумачыў: «Як я і сказаў, подпісы стаяць пад асобнымі лістамі».
Сёння на брыфінгу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінская дэлегацыя ў Менску пагадзілася з формулай Штайнмаера. На прамое пытанне, ці падпісалі формулу Штайнмаера, Зяленскі сказаў: «Мы адказалі на ліст спадара Сайдзіка, што мы ўзгадняем тэкст формулы Штайнмаера. Формула Штайнмаера павінна быць імплементаваная ў новы закон пра асаблівы статус, якога яшчэ няма».