BE RU EN

Беларусь трапіла ў дзясятку краін з найгоршай кібербяспекай у свеце

  • 6.02.2019, 21:10

Самай бяспечнай краінай з пункту гледжання кіберпагроз прызналі Японію.

Брытанскі рэсурс Сomparitech, які спецыялізуецца на кампутарнай і сеткавай бяспецы, правёў даследаванне кібербяспекі ў 60 краінах, у спіс якіх патрапіла і Беларусь, паведамляе tut.by.

У сваім даследаванні рэсурс прааналізаваў некалькі крытэраў, кожны з якіх меў аднолькавую вагу пры падвядзенні вынікаў:

працэнт мабільных тэлефонаў, заражаных шкоднасным ПЗ;

працэнт кампутараў, заражаных шкоднасным ПЗ;

колькасць нападаў, накіраваных на крадзеж грошай з банкаўскіх рахункаў карыстальнікаў;

працэнт нападаў тыпу Telnet (метад, які выкарыстоўваецца злачынцамі для прымусу карыстальнікаў да запампоўвання шкоднасных праграм);

працэнт нападаў з боку крыптамайнераў;

адзнака краін з пункту гледжання заканадаўчай базы.

Найменш кібербяспечнай краінай назвалі Алжыр, далей ідуць Інданезія, В'етнам, Танзанія і Узбекістан. У топ-10 краін з горшай кібербяспекай трапіла і Беларусь, якая размясцілася на восьмым радку рэйтынгу (чым вышэй да першага месца, тым горш). Між іншым, у Беларусі спецыялісты Сomparitech зафіксавалі высокі працэнт шкоднаснага ПЗ на смартфонах і кампутарах карыстальнікаў (адпаведна 9,33% і 31,1%).

Для параўнання: Украіна знаходзіцца на дзясятым месцы ў рэйтынгу, Латвія - на 31-м, Расея - на 38-м, Польшча - на 40-м. Самай бяспечнай краінай з пункту гледжання кіберпагроз прызналі Японію, за якой ідуць Францыя, Канада, Данія і ЗША.

Апошнія навіны