Ва Украіне Садавога пераабралі лідарам «Самопомічі»
- 11.05.2019, 21:31
Мэр Львова будзе ўзначальваць партыю тры гады.
Як паведамілі 11 траўня ў прэс-службе «Самопомічі», адпаведную пастанову падтрымалі дэлегаты партыйнага з'езду ў сувязі са сканчэннем папярэдняга тэрміну паўнамоцтваў Андрэя Садавога, піша «Українська правда».
На з'ездзе быў таксама зацверджаны новы склад палітычнай рады «Об’єднання «Самопоміч».
Сябрамі абноўленай палітрады сталі 11 чалавек: лідар партыі - Андрэй Садавы і старшыня выканаўчага камітэта «Самопомічі» Алег Лаўрык (па пасадах), народныя дэпутаты Алег Беразюк, Руслан Сідаровіч, Раман Сямёнуха, Аксана Сыраід і Таццяна Вострыкава, кіраўнікі абласных арганізацый партыі Богдан Станіслаўскі, Юры Акуленка, мэр Скадоўска Аляксандр Якаўлеў і дырэктар дэпартамента камунікацый Астап Процік.
«Я не абяцаю вам лёгкай перамогі. Я абяцаю вам, што я буду сумленным і зраблю максімум, буду працаваць на ўсе 100%. Але гэта павінна быць агульная праца дзеля агульнай перамогі», - заявіў Садавы.