Жыхары Фаніпаля выступілі супраць пастановы ўладаў
- 1.06.2019, 21:16
Яны абураныя будаўніцтвам мабільнай вышкі каля гімназіі і жылога дома.
«Пра якое здароўе дзяцей можа ісці гаворка, калі стадыён гімназіі і гульнявыя пляцоўкі будуць у зоне моцнага электрамагнітнага выпраменьвання», - паскардзіліся mlyn.by жыхары дамоў №13 карпусоў 1 і 2 па вуліцы Берасцейскай у Фаніпалі.
Саракаметровую вежу мабільнай сувязі кампаніі МТС цяпер будуюць паміж жылымі дамамі і Фаніпальскай гімназіяй. Закончыць усе працы на аб'екце плануюць да 22 жніўня 2019 года. Гараджанам такое суседства не падабаецца, яны ўпэўненыя, што электрамагнітнае выпраменьванне ад вышкі адаб'ецца на здароўі іх дзяцей. Таму патрабуюць перанесці будпляцоўку вышкі ад навучальнай установы ў прамысловую зону.
Зрабіць гэта наўрад ці атрымаецца. Бо, са слоў прадстаўнікоў мясцовай улады, будаўніцтва вышкі адбываецца ў рамках закона і ў адпаведнасці з дзейнымі нормамі.
У санітарна-гігіенічнай выснове №1022-ап, датаванай 19.12. 2018 года, значыцца 6 праектаў разлікаў санітарна-ахоўных зон і зон абмежавання забудовы радыётэхнічных аб'ектаў СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». Сярод іх 4 мачты сувязі (у в. Кучкуны Валожынскага раёна, у в. Сысуны Маладзечанскага раёна, у в. Хадакова і в. Дубовы лес Менскага раёна) і дзве вежы (у Фаніпалі і в. Мядведзіна Вілейскага раёна).
У выснове за подпісам намесніка галоўнага лекара Менскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вячаслава Калячко напісана, што ўсе гэтыя праекты «адпавядаюць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва». Таксама ўдакладняецца, што пры ўводзе ў эксплуатацыю аб'ектаў, кампаніі неабходна падаць санітарныя пашпарты для ўзгаднення ў ГУ «Менскі абласны ЦГЭОЗ» і правесці інструментальныя замеры узроўняў шчыльнасці патоку энэргіі электрамагнітнага выпраменьвання на прылеглых тэрыторыях.
Варта адзначыць, што на жаданні жыхароў вымярэнні ўзроўняў электрамагнітнага поля супрацоўнікамі цэнтра гігіены могуць быць праведзеныя і ў жылых дамах, размешчаных побач. Выпраменьванне павінна быць не вышэй за дапушчальны ўзровень электрамагнітнага поля для насельніцтва ў Беларусі - 10 мкВт/ см².
Паводле дакументаў пацерпіць толькі невялікая зялёная зона: прыбяруць травяное покрыва плошчай 106 м2, але ў наступным адновяць 42 м2. За пакінуты сапсаваны газон кампанія абавязаная будзе выплаціць 16 базавых адзінак (392 рубля) Дзяржынскаму ЖКГ.
Другое пытанне, якое цікавіць гараджан, чаму МТС не можа ўсталяваць сваю вежу ў прамысловай зоне, якая займае большую частку тэрыторыі горада і дзе няма жылых дамоў, школ і іншых сацыяльных аб'ектаў? Яго мы адрасавалі аператару мабільнай сувязі. Найбліжэйшым часам нам паабяцалі адказаць.
Цяпер пытанні бяспечнай для здароўя насельніцтва ўстаноўкі і эксплуатацыі базавых станцый мабільнай рухомай электрасувязі рэгламентуюцца санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі "Гігіенічныя патрабаванні да ўсталявання і эксплуатацыі сістэм мабільнай сувязі” (рэг. № 14 ад 01.02.2010 г). Гэты дакумент ўсталёўвае ў Рэспубліцы Беларусь гранічна дапушчальныя ўзроўні электрамагнітнага поля для насельніцтва, працоўных месцаў асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, і жанчын у перыяд цяжарнасці - 10 мкВт/см². (Тэрыторыя жылой забудовы і месцаў масавага адпачынку; памяшканні жылых, грамадскіх і вытворчых будынкаў). Якія-небудзь забароны або абмежаванні на размяшчэнне базавых станцый мабільнай сувязі на ўсіх аб'ектах і тэрыторыях, у тым ліку ў жылой забудове, адсутнічаюць.