Фонд расейскіх эмігрантаў у ЗША прызналі непажаданай арганізацыяй у РФ
- 28.06.2019, 21:02
Фонд «Свабодная Расея» стаў 16-й арганізацыяй, прызнанай Мінюстам РФ непажаданай.
Амерыканскі фонд Free Russia Foundation, або «Свабодная Расея», трапіў у пералік замежных няўрадавых арганізацый, дзейнасць якіх прызнаная на тэрыторыі Расеі непажаданай. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце расейскага Мінюста.
Адпаведная пастанова генпракуратура прыняла 27 чэрвеня. Free Russia Foundation стаў ужо 16-й няўрадавай арганізацыяй, уключанай у пералік непажаданых у Расеі, і адзінай, якая папоўніла спіс сёлета.
Як адзначыў у размове з журналістамі дырэктар дэпартамента Мінюста Андрэй Чумакоў, дзейнасць фонду была прызнаная непажаданай у адпаведнасці з законам «Пра меры ўздзеяння на асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноўных правоў і свабод чалавека, правоў і свабод грамадзян Расеі».
На сайце арганізацыі гаворыцца, што яна была створаная ў Вашынгтоне ў 2014 годзе групай расейскіх эмігрантаў «для аб'яднання расейскай супольнасці за мяжой, падтрымкі прадэмакратычных сілаў унутры Расеі і працы з заходнімі экспертнымі супольнасцямі». Там таксама ўказваецца, што фонд працуе над праектамі, звязанымі з дапамогай расейскім і ўкраінскім палітвязням, а таксама праектамі ў барацьбе з прапагандай.