BE RU EN

Як жыццё нямецкіх пенсіянераў адрозніваецца ад беларускіх

  • 29.06.2019, 21:21

Высвятляецца, у Нямеччыне ёсць закон, які абараняе працоўных пенсіянераў.

Мая першая сустрэча з нямецкім грамадзянінам Францам Лаўтэршлагерам адбылася гадоў дзесяць таму ў аэрапорце Франкфурт-на-Майне, піша журналіст kurjer.info Уладзімір Амяльчэня.

Яму была пастаўлена задача сустрэць незнаёмага чалавека, які прыбыў рэйсам з Менска. Са сваёй задачай ён справіўся і шчасна адвёз мяне на аўтамабілі ў горад Рэгенсбург да дачкі.

Калі час майго знаходжання ў Нямеччыне скончыўся, Францу было даручана адвезці мяне ў аэрапорт і пасадзіць у самалёт на Менск. Ён здзівіў мяне сваёй адказнасцю да даручанай справы: давёў мяне да трапа самалёта, не маючы пры сабе ніякіх праязных дакументаў.

Праз дзясятак гадоў я сустрэўся з ім зноў. Ён па-ранейшаму працуе на фірме HMS, дзе выконвае розныя даручэнні.

Спадар Франц поўны энэргіі і без штодзённай працы не можа. Хоць у яго абодва каленныя суставы штучныя, апераваныя абодва плечавыя суставы, ён рэгулярна ходзіць у фітнэс-клуб, ні адно святочнае мерапрыемства на фірме не праходзіць без ягонага ўдзелу.

Жыць спакойна на пенсіі Франц не можа, хоць спробу пачаць жыццё пенсіянера ён рабіў.

Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, прадаў сваю фірму, купіў новы дом у сельскай мясцовасці і пераехаў туды разам з жонкай-пенсіянеркай. Кожны год яны ездзілі ў працяглыя марскія падарожжы, спакойна жылі ў сваё задавальненне. Але радасці такое жыццё спадару Францу не прыносіла. І ён зноў пайшоў на працу.

Жыццё працоўнага пенсіянера

Высвятляецца, у Нямеччыне ёсць закон, які абараняе працоўных пенсіянераў. Сістэма занятасці называецца Minigob. Згодна з ёй работнік-пенсіянер не павінен атрымліваць заробак за месяц больш за 450 еўраў. З гэтых грошай ён не плаціць ніякіх падаткаў і страховак. Хоць працадаўца плаціць за яго ўнёскі за сацыяльную страхоўку. Такім чынам, працоўны пенсіянер, які атрымлівае за месяц не больш за 450 еўра, сацыяльна абаронены.

Калі сярэдні заробак за месяц цягам года перавысіць 450 еўраў, напрыклад, працадаўца расшчодрыцца і выплаціць узнагароджанне да Каляд, то работніку Minigob давядзецца выплачваць усе тыпы падаткаў.

Сістэмай занятасці Minigob часам карыстаюцца работнікі не толькі пенсійнага ўзросту. Яны могуць працаваць поўны працоўны дзень, плаціць усё страхавыя ўнёскі, у вольны час працаваць на другой працы, але за гэта атрымліваць ўзнагароджанне не больш як 450 еўраў, не аплачваючы страхавыя ўнёскі. Такая дадатковая праца павінна быць толькі адна. Калі работнік мае дзве і больш такіх прац, то ён будзе плаціць са свайго сумарнага заробку цалкам усе страхавыя ўнёскі.

Апошнія навіны