Уладзімір Няпомняшчых: Лукашэнка нават сам паказвае, куды коціцца краіна
- 16.08.2019, 22:01
Ужо даўно ўсім зразумела, што сістэму пара мяняць.
Актывіст Уладзімір Няпомняшчых ідзе на парламенцкія выбары, каб агітаваць насельніцтва за перамены, паведамляе «Радыё Рацыя».
Са слоў палітычнага актывіста, нягледзячы на агульнае расчараванне беларусаў дзеяннямі ўлады, многія дагэтуль маюць патрэбу ў аб'ектыўнай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне.
- Пенсіянеры ў асноўным ужо разумеюць, таму што зніжаецца іх узровень жыцця. Не праз галаву, а даходзіць да іх праз страўнік. Даўно зразумела ўсім, што сістэму мяняць трэба. Калі не мяняць сістэму, яна кансервуецца, і паглядзіце, што робіцца, - поўнае беззаконне. Раней наш Аляксандр Рыгоравіч голасна заяўляў, што да такога часу мы будзем атрымліваць тысячу даляраў у эквіваленце, потым пяцьсот, а цяпер - цярпімы заробак. Ён сам нават паказвае, куды коціцца краіна.
Уладзімір Няпомняшчых - пенсіянер Міністэрства ўнутраных спраў у адстаўцы. Быў сярод арганізатараў масавага мітынгу супраць «дэкрэта аб дармаедах» у 2017 годзе ў Гомелі. Неаднаразова адбываў арышты і пераследваўся за сваю грамадзянскую пазіцыю.