Улады Ротэрдама запусцяць вытворчасць энэргіі з чэрствага хлеба
- 3.08.2019, 20:49
Пілотны праект BroodNodig запусцілі 3 гады таму.
У Ротэрдаме (Нідэрланды) цяпер будзе пастаянна працаваць вытворчасць электраэнэргіі з чэрствага хлеба. Па ўсім горадзе ўсталявалі 130 кантэйнераў для збору чэрствага хлеба, які потым перапрацоўваецца для атрымання біягазу, піша сайт euro-pulse.ru.
Пілотны праект BroodNodig запусцілі 3 гады таму, гэта была прыватная ініцыятыва, якая атрымала падтрымку мэрыі. За гэты час арганізатары сабралі 125 тысяч кілаграмаў хлеба - гэтага дастаткова, каб цэлы год забяспечваць біягазам 50 кватэр. А калі гэту ж колькасць хлеба выкарыстоўваць для вытворчасці электраэнэргіі, можна трымаць уключанымі 2 тысячы лямпачак цэлы год.
Ротэрдам - не першы горад у Нідэрландах, дзе апрабавалі атрыманне энэргіі з хлеба. Летась такія ж кантэйнеры для збору чэрствага хлеба ўсталявалі ў Амстэрдаме.
Паводле статыстыкі Нідэрландскага цэнтра вывучэння харчавання Voedingscentrum, на кожнага жыхара Нідэрландаў у год прыпадае 41 кілаграм выкінутай ежы, з іх 22% - гэта хлеб і выпечка.
Акрамя такога альтэрнатыўнага выкарыстання хлеба спецыялісты цэнтра заклікаюць развіваць праекты, якія зніжаюць колькасць выкінутага хлеба, у тым ліку крамамі і рэстаранамі. Такія праекты ў Еўропе ўжо існуюць: напрыклад, у Румыніі крамы і рэстараны абавязаны аддаваць ежу на дабрачыннасць за 3 дні да заканчэння тэрміну прыдатнасці, а ў Фінляндыі ўжо 3 гады існуе мабільны дадатак, які дапамагае прадаўцам збываць прадукты з тэрмінам прыдатнасці што сканчаецца па зніжаным кошце.