BE RU EN

Навукоўцы пацвердзілі здольнасць сабак «дыягнаставаць» заражэнне каранавірусам

  • 13.12.2020, 20:47

Некаторыя сабакі даюць гэтаму рады на 100%.

Французскія і лібанскія навукоўцы паказалі, што навучаныя сабакі могуць вызначыць людзей, якія заразіліся новым каранавірусам. Прычым, у пэўных выпадках, яны даюць рады пастаўленаму заданню на 100%, паведамляе Naked science.

У эксперыменце навукоўцаў удзельнічалі 177 чалавек, прыкладна палова з іх хварэла на COVID-19, а таксама шэсць сабак, якія прайшлі спецыяльнае навучанне. У кожным сэансе эксперыменту ўзоры з пахам поту здаровых і хворых людзей змяшчалі ў спецыяльныя ёмістасці, якія паказвалі кожнаму з сабак адначасова. Ні трэнер, ні жывёліна зарання не ведалі, у якой з ёмістасцяў апынецца «інфікаваны» ўзор.

Некаторыя сабакі давалі рады тэсту на 76%, а некаторыя - на 100%. Разам з тым навукоўцы пакуль не ведаюць, праз якія менавіта маркеры жывёліны вызначаюць заражэнне. Але пасля таго, як каранавірус пранікае ў каморкі цела, ён расшчапляе пэўныя малекулы, якія трапляюць у навакольнае асяроддзе праз пот, дыханне, сліну ды іншыя біялагічныя вадкасці, утвараючы лятучыя арганічныя злучэнні.

Іх, напэўна, і ўлоўлівае звышадчувальны сабачы нос, які мае да 300 мільёнаў нюхальных рэцэптараў (для прыкладу: чалавек мае такіх толькі блізу шэсць мільёнаў). Прыкладна тое ж адбываецца пры «выяўленні» сабакамі пэўных тыпаў раку. Навукоўцы звяртаюць увагу і на хібы свайго даследавання: да прыкладу, адны і тыя ж ўзоры парой паказвалі сабакам некалькі разоў.

Навукоўцы адзначаюць, што патрэбныя дадатковыя даследаванні, але ўважаюць, што ўжо цяпер ёсць падставы меркаваць, што сабакі змогуць замяніць працэдуру тэставання на COVID-19 у грамадскіх месцах.

Апошнія навіны