BE RU EN

Выйшаў на свабоду сын Ніны Багінскай

  • 13.01.2021, 21:44

Яго затрымалі за 15 хвілін да Новага года.

Знакамітая Ніна Багінская паўдня шукала сына, якога павінны былі адпусціць яшчэ ўначы 12 студзеня. Але нарэшце Павел Багінскі на волі і ўжо дома, паведамляе nn.by.

«Мяне затрымалі 31 снежня а 23:45, - успамінае Павел. - А затрымалі мяне, таму што я з маці гуляў па пустым сквера за «Рыгай», па вуліцы Усходняй. Мне прыпісалі адзіночны пікет са сцягам - якога ў мяне нават не было, яго адабралі сілавікі ў маёй мамы.

Пасля затрымання мяне адвезлі ў Савецкі РАУС. Там я сустрэў Новы год, заначаваў у камеры, раніцай 1 студзеня адправілі мяне на Акрэсціна».

2 студзеня Паўла судзілі.

«На судзе я казаў, што мне патрэбны абаронца. Суддзя зрабіла перапынак, а пасля сказала: вам самастойна трэба знайсці адваката, укласці дамову і прыйсці 4 студзеня ў Савецкі суд. Я думаў, мяне адпусцяць, каб я знайшоў адваката, але не.

Я застаўся на Акрэсціна, і 4 студзеня быў новы суд. Я папрасіў зноў абаронцу - на судзе прысутнічала мая маці са знаёмым адвакатам. Я хацеў адразу ўкласці дамову з тым адвакатам, тады суддзя зрабіла перапынак, пасля якога перанеслі пасяджэнне на 5 студзеня.

На гэтым пасяджэнні мяне ўжо абараняў адвакат, але мне ўсё роўна далі 12 содняў па першым пратаколе. Затое другі - па 23.4 - адправілі на дапрацоўку», - распавядае Павел.

Увесь тэрмін ён правёў на Акрэсціна.

12 содняў скончыліся ўначы 12 студзеня. Але Паўла Багінскага на волю не выпусцілі.

«Гадзіны за 2 я ў дзяжурнага спытаў: па прысуду мой тэрмін заканчваецца сёння, мяне выпусцяць?

Адказ быў з насмешкамі: «А што, раніцай не маглі спытаць? Як павінна быць, так і будзе».

Але мяне ніхто не адпусціў. Назіралі за мною: кожныя хвілін 15 зазіралі праз акенца, часцей, чым звычайна. Чаму не адпускаюць, мне ніхто не тлумачыў.

Раніцай была праверка, я зноў спытаў: калі мяне выпусцяць? Нагадаў, што 12 содняў скончыліся яшчэ ўчора.

Адказ быў такі: калі не адпускаюць, значыць, содні яшчэ не скончыліся.

У выніку ў 2 гадзіны мяне ўсё ж раптам выпусцілі. Пераседзеў я 14 гадзін. Чаму - не ведаю», - кажа Багінскі.

На ўмовы ён не скардзіцца, кажа, было прымальна.

«Ціску, можна сказаць, таксама не было: хіба што грубасць, насмешкі з боку супрацоўнікаў».

Цяпер Павел ужо дома. Адпачне і будзе шукаць працу: раней ён працаваў на будоўлі, аб'ект здалі. Цяпер Павал падзарабляе рамонтам бытавой тэхнікі.

Апошнія навіны